ААТ “10 з’езд Саветаў”: у будучыню – з надзеяй

Аграрный сектор Актуальное

Адкрытае акцыянернае таварыства “10 з’езд Саветаў” зараз перажывае не лепшыя часы ў шматгадовай гісторыі свайго існавання. Але калектыў сельгаспрадпрыемства не апускае рукі перад цяжкасцямі.

Маладыя спецыялісты гаспадаркі Аляксандра Тарасевіч і Дзмітрый Буднік.

Чатыры месяцы таму гаспадарку ўзначаліў Сцяпан Палоннікаў, за плячыма якога – багаты вопыт кіраўніцкай працы. Пазітыўныя змены, якія пачалі адбывацца з яго прыходам, абнадзейваюць.

У адной камандзе

– Першай задачай было – паразумецца са спецыялістамі, знайсці індывідуальны падыход да кожнага работніка, – распавядае Сцяпан Іванавіч. – Працэс гэты ішоў няпроста. Сёння магу сказаць, што ў калектыве пачалі разумець патрабаванні кіраўніка. Прыйшло ўсведамленне таго, што ўсе мы – ад дырэктара і спецыялістаў да механізатара і даяркі – адна каманда. І ад кожнага на яго рабочым месцы залежыць будучыня гаспадаркі.

Адпаведна, з’явіліся і першыя станоўчыя вынікі. У прыватнасці, мы пастараліся кампенсаваць сёлетні недабор збожжавых культур зернем кукурузы. Падчас сяўбы азімых стварылі надзейны падмурак пад ураджай 2024 года. Адных толькі зерневых пасеялі 1300 гектараў – напалову больш, чым летась. А з улікам рапсу, свірэпіцы і шматгадовых траў азімы клін склаў больш за 2000 гектраў.

Добра папрацавалі ўвосень і над стварэннем трывалай кармавой базы для грамадскага статка: пасеялі 100 гектараў люцэрны, заклалі насеннікі траў. Бо без якасных сянажу і сіласу, за кошт адных канцэнтратаў, малака не атрымаеш.

Аператары машыннага даення МТК “Турэц” Наталля Трыпуз, Клаўдзія Івашкевіч і Наталля Качук.

У планах на вясну – вялікая праца па перазалужэнню амаль 2000 гектараў паплавоў, якія даўно не выкарыстоўваліся.

За верасень-кастрычнік маем нядрэнныя паказчыкі па надоях малака. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічылася прадукцыйнасць дойнага статка. Адпаведна, на 10-15 працэнтаў больш здаём малака на перапрацоўку. А гэта – “жывыя” грошы штодня.

Галоўны ж набытак у жывёлагадоўлі – паляпшэнне працы па ўзнаўленню дойнага статка. Атрыманае павелічэнне прыплоду – наша будучае малако. Шмат зрабілі і робяць для гэтага селекцыйная і асемянатарская службы гаспадаркі.

Дзякуючы дапамозе райвыканкама, а таксама камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінаблвыканкама, зараз будуем прафілакторый для жывёлы на 230 месцаў. Гэта аблегчыць працу аператараў па вырошчванню маладняку. Таксама займаемся праектам будаўніцтва трэцяга кароўніка на малочнатаварным комплексе “Турэц” на 400 галоў, каб скараціць выдаткі па вытворчасці малака. У ідэале ж я бачу рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў, якая дазволіць сканцэнтраваць увесь вытворчы цыкл у адным месцы.

Энергія маладых

Не сакрэт, што маладыя спецыялісты, якія прыязджаюць у гаспадаркі па накіраванню, не дужа ахвотна там застаюцца. “10 з’езду Саветаў” у гэтым плане пашчасціла. На малочнатаварным комплексе “Турэц” давялося пазнаёміцца з Дзмітрыем Буднікам і Аляксандрай Тарасевіч. Дзмітрый – з Добруша, скончыў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, завочна вучыцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Ён – інжынер-энергетык, інжынер па ахове працы, а яшчэ – выконвае абавязкі спецыяліста па працаёмкіх працэсах на комплексе. Таксама паспеў прымераць на сябе прафесію механізатара, калі не хапала рабочых рук на адвозцы кармоў, а падчас жніва шчыраваў на зернесушыльным комплексе.

Аляксандра – мінчанка, выпускніца Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, зараз завочна вучыцца ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. У гаспадарцы працуе ветэрынарным урачом, а таксама памочнікам загадчыцы комплекса. Але пры неабходнасці можа замяніць і аператара машыннага даення, і даглядчыка.  

Узнагароды да свята

Напярэдадні прафесійнага свята вясковых працаўнікоў абвешчаны вынікі сёлетняга раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці АПК сярод рабочых прафесій аграпрамысловай галіны.

Механізатар Уладзімір Гнедчык адзін забяспечвае кармленне ўсяго пагалоўя гаспадаркі.

У ліку яго пераможцаў ёсць і прадстаўнікі ААТ “10 з’езд Саветаў”. Гэта – звяно аператараў машыннага даення малочнатаварнага комплексу “Турэц” у складзе Алены Батурынай, Клаўдзіі Івашкевіч, Наталлі Трыпуз і Наталлі Качук, механізатар на раздачы кармоў Уладзімір Гнедчык, а таксама камбайнер Артур Юшко. Учора на ўрачыстасці з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК ім уручылі Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі.

  Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *