Спажыўна і эфектыўна: у філіяле «Агра-Бокс» вырабляюць кукурузную пасту для кароў

Аграрный сектор Актуальное Общество

Уборка кукурузы – адзін з заключных акордаў сельскагаспадарчага года ў раслінаводстве. Гаспадаркі Чэрвеньшчыны на апошніх гектарах нарыхтоўваюць з яе сілас. А вось абмалот гэтай культуры на зерне – у самым разгары.

Закладка кукурузнай пасты ў траншэю.

У філіяле “Агра-Бокс” сумеснага прадпрыемства “Унібокс” сёлета вырошчвалі 748 гектараў кукурузы. Яе ўборку на сілас ужо завяршылі: з 548 гектараў назапасілі больш за 10,6 тысячы тон. Яшчэ 200 гектараў пакінулі на зерне. Зараз з яго нарыхтоўваюць кукурузную пасту.

– Вытворчасць гэтага віду кармоў мы асвоілі яшчэ ў 2006 годзе, першымі ў Беларусі, – распавядае намеснік генеральнага дырэктара СП “Унібокс” Андрэй Макаранка. – Ён вырабляецца шляхам здрабнення вільготнага зерня з наступнай трамбоўкай у траншэю.

Механізатар Аляксандр Мяцельскі працуе на здрабненні зерня кукурузы.

За больш чым паўтара дзесяцігоддзі паста выдатна сябе зарэкамендавала. Паводле даследванняў нашай кармавой лабараторыі, яе засваяльнасць у параўнанні з сухім здробненым зернем кукурузы вышэйшая на 12-13 працэнтаў, бо ў працэсе захоўвання пасты адбываюцца кансерваванне і частковая ферментацыя. Каровы ядуць яе з ахвотай і, адпаведна, даюць больш малака. 

Акрамя павелічэння рацыянальнасці выкарыстання кармоў, мы маем яшчэ і істотную эканомію энергарэсурсаў. Бо, каб высушыць тону зерня кукурузы, патрэбна 40-50 літраў паліва, а на здрабненне тоны вільготнага і трамбоўку выдаткоўваецца ўсяго два літры.

Аграном Дзмітрый Матвеенка (справа) гутарыць з механізатарамі на трамбоўцы Андрэем Валахановічам і Юрыем Шлыкевічам.

Сёлета мы плануем назапасіць  дзве траншэі кукурузнай пасты агульным аб’ёмам каля 1300 тон, што дасць магчымасць не толькі забяспечыць для філіяла “Агра-Бокс Заатэх” паўтарагадовы запас гэтага віду кармоў, але і частку прадаць. 

Камбайнер Сяргей Шчурок убірае кукурузу на зерне.

Як распавёў Андрэй Макаранка, сёлета пры вырошчванні кукурузы на зерне найлепш паказаў сябе гібрыд “Эмялін” французскай селекцыі, які даў у сярэднім па 133 цэнтнеры з гектара. У цэлым жа на ўраджайнасць гэтай культуры адмоўна паўплывала анамальна гарачае і сухое надвор’е. Але ў філіяле “Агра-Бокс”, дзякуючы дбайнаму падыходу да ўсіх тэхналагічных патрабаванняў, здолелі назапасіць нават крыху больш неабходага аб’ёму кукурузнага сіласу.

Таксама Андрэй Макаранка падкрэсліў, што ў гаспадарцы першарадную ўвагу надаюць якасці нарыхтоўкі кармоў. Што тычыцца кукурузы на сілас, тут важнае значэнне мае структура наразання масы. Яна павінна быць менавіта парэзаная кубкамі, а не разарваная. Дасягаецца гэта за кошт дакладнай рэгуліроўкі рэжучага механізму кормаўборачага камбайна і заточкі нажоў два-тры разы на дзень.

Вялікі плюс у тым, што “Агра-Бокс” мае ўласную кармавую лабараторыю. Дзякуючы гэтаму тут ёсць магчымасць не чакаць вынікаў даследванняў па два тыдні, а атрымліваць іх у фармаце “сёння на сёння” і аператыўна прымаць адпаведныя рашэнні.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *