У сельгаскагаспадарчым вытворчым філіяле “Аграбуд” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскжалезабетон” выйшлі на сенажаць у мінулую нядзелю.

З тае пары механізатар Леанід Азаранка з ранку да позняга вечара шчыруе ў полі. За гэты час ён ужо скасіў 300 гектараў траў.
– Фары на трактары добра свецяць, – кажа Леанід. – Так што працую і ў змроку, гадзін да адзінаццаці. Спачатку касіў люцэрну на сянаж, цяпер перайшоў на цімафееўку: гэта ўжо будзе сена. Травы сёлета не сказаць, каб дужа шмат, бо суха… Што нарасло, тое і ўбіраем…
У сераду ў “Аграбудзе” пачалі нарыхтоўваць сянаж. На палетак ля вёскі Грабёнка выйшлі два кормаўборачныя камбайны, але аднаму з іх давялося тэрмінова вяртацца на машынны двор.

– Кардан рассыпаўся, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік. – Такое, на жаль, здараецца. Гэта – тэхніка. Запчасткі ў нас ёсць, адзінае, там, як кажуць, паўкамбайна трэба разабраць, каб да таго кардана дабрацца. Алё ёсць каму дапамагчы: і слесар, і хлопцы, якія свае трактары рамантуюць. Думаю, праз пару гадзін камбайн ужо будзе ў полі…
Леанард Мельнік распавёў, што сёлета гаспадарка разлічвае назапасіць для грамадскага статка сем з паловай тысяч тон сенажу і 350 тон сена, з іх 3000-3500 і 200 тон, адпаведна, – з першага ўкосу.
– З-за майскай засухі травы ў рост не пайшлі, – тлумачыць Леанард Мельнік. – Але і марудзіць з уборкай нельга, бо міне аптымальная яе фаза, і пажыўных рэчываў у зялёнай масе не застанецца. Яшчэ адна сённяшняя асаблівасць – трэба пільна сачыць, каб скошаная трава не перасохла. Для гэтага неабходна накошваць не больш, чым здольныя ўбраць камбайны.
Закладка сенажу ў траншэі наладжана ў гаспадарцы ў адпаведнасці з усімі тэхналагічнымі патрабаваннямі. Галоўны ветурач Варвара Аліскерава кантралюе вільготнасць і тэмпературу масы.

Для больш эфектыўнага ўшчыльнення кармоў сельгаспрадпрыемства не першы год выкарыстоўвае адмысловы воданаліўны каток вагою каля пяці тон, які агрэгатуецца з трактарам. Паколькі траншэі вялікія, іх закрываюць паэтапна, пачынаючы з трэцяй часткі агульнага аб’ёму, але не больш за пяць дзён.
Паводле слоў Леанарда Мельніка, нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу зойме яшчэ каля двух тыдняў. Але ўжо сёння ў думках – другі ўкос. Для гэтага травы трэба падкарміць, аднак трэба каб прайшлі дажджы. Іх у гаспадарцы вельмі чакаюць.
Хаця ёсць ад засушлівага надвор’я і свой плюс: можна без праблем назапашваць сена. Двое грабель і два прэс-паборшчыкі – напагатове.
– Вельмі хацелася б убраць другі ўкос траў да пачатку жніва, – кажа Леанард Мельнік. – Але нават калі і не атрымаецца, мяркую, вялікай бяды не будзе. Бо механізатары, якія займаюцца корманарыхтоўкай, у большасці сваёй на ўборцы зерневых не задзейнічаны. А праблему адвозкі, спадзяюся, вырашым з дапамогай тэхнікі “Мінскжалезабетона”.
…Рэдакцыйная машына толькі выехала з Грабёнкі і ўзяла накірунак на Чэрвень, як Леанард Мельнік патэлефанаваў і паведаміў, што механізатар Максім Вінаградаў скончыў рамонт кормаўборачнага камбайна і вярнуўся на сенажаць.
Што ж, удалай касавіцы! І каб ўсё, нарэшце, наладзілася ў прыроде. І дожджык ішоў своечасова, і сонейка свяціла.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара