Футбол: чэрвеньскі «Колас» згуляў унічыю з «Вікторыяй» у чэмпіянаце Беларусі

Актуальное Спорт

Сустрэчу “Коласа” з “Вікторыяй” у Чэрвені ўсе чакалі з нецярплівасцю. Тыднем раней чэрвеньцы па пенальці саступілі мар’інагорцам на іх полі шлях у 1/32 фінала Кубка Беларусі.

Узяць рэванш у родных сценах было для нашых футбалістаў вельмі важна. Тым больш, што “Вікторыя” – асноўны канкурэнт “Коласа” ў барацьбе за выхад у фінальную частку чэмпіянату краіны сярод каманд другой лігі.

Як і належыць гаспадарам поля, нашы з першых хвілін гульні пайшлі наперад. Да перапынку яны неаднойчы мелі магчымасць адкрыць лік. Асабліва небяспечнымі былі стандарты: калі падлічыць колькасць вуглавых і штрафных, то яна не ўмясцілася б на пальцах дзвюх рук. На жаль, мяч увесь час трапляў у створ варот, але не ў сетку, бо на яго шляху ўставаў галкіпер “Вікторыі”.

Пад заслону першай паловы матча ў адной з контратак добры шанц забіць мелі мар’інагорцы. Але наш галкіпер Глеб Яфімаў згуляў надзейна і ў падзенні перавёў мяч на вуглавы.

Пасля перапынку госці выраўнялі гульню. Барацьбы на полі стала больш, а небяспечных момантаў ля варот – менш. Развязка ў сустрэчы надарылася за дзесяць хвілін да яе заканчэння.

У адным з эпізодаў Аляксей Хадневіч вырашыў “падціснуць” галкіпера, які занадта марудна выконваў удар ад варот. Той разгубіўся і выбіў мяч за бакавую лінію. Атака “Коласа” прадоўжылася: Дзмітрый Чысты зрабіў навес у штрафную, ігрок “Вікторыі”, выбіваючы мяч галавой, патрапіў на нагу Хадневічу, і Аляксей дакладна прабіў па варотах.

На жаль, радавацца голу давялося нядоўга. Першая ж контратака “Вікторыі” скончылася ўзяццем нашых варот. Да яго прывяла адзіная ў матчы памылка Глеба Яфімава…

Такім чынам, нічыя – 1:1, якую наўрад ці можна занесці ў актыў чэрвеньцам. Але гэта не апошняя сёлетняя сустрэча сапернікаў. У другім крузе “Колас” і “Вікторыя” згуляюць у Мар’інай Горцы.

А заўтра нашы футбалісты прымуць у Чэрвені “ДЮСШ-4” (Маладзечна). Пачатак матча – у 14 гадзін.

Ігар АДАМОВІЧ

“Колас” (Чэрвень) – “Вікторыя” (Мар’іна Горка) – 1:1.
27 мая. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. 120 гледачоў.
“Колас”: Яфімаў, Івашкін, Цярэшка, Вінцукоўскі, Грыб, Асіпенка, Паляшчук (Галюк, 60), Рубін (Сёмкін, 67), Качаргін (Чысты, 60), Каваленка (Васюк, 67), Хадневіч.
Гол у “Коласа”: Хадневіч (80).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *