Не толькі заправіцца: як працуе прыдарожны сервіс на Чэрвеньшчыне?

Актуальное Общество

Пытанні комплекснага развіцця прыдарожнага сервісу – сярод прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнай палітыкі нашай дзяржавы.

Некалькі гадоў таму Беларусь пайшла па шляху развіцця замежных аўтабанаў. Гэта калі праз кожныя 50-60 кіламетраў размяшчаецца аб’ект, дзе вадзіцелі і пасажыры павінны атрымаць максімальную колькасць паслуг: адпачыць, заправіць аўтамабіль, набыць тавары ў дарогу.

Наколькі якасна працуе сёння прыдарожны сервіс на Чэрвеньшчыне? У пошуках адказу на гэтае пытанне карэспандэнт “Раённага весніка” наведаў тры аб’екты, размешчаныя пры шашы “Мінск – Магілёў”.

Сціпла, але душэўна

АЗС №74 «Газпрамнафта» – адна з дзвюх “заправак” ля Чэрвеня. Як аўтааматар, найчасцей набываю паліва тут, таму пра ўзровень мясцовага сервісу ведаю не з чыіхсьці слоў. Падкупляе заўсёдная ветлівасць персаналу. Шчырыя “дзякуй” і “прыязджайце яшчэ” – заўсёды прыемна. Тэрыторыя выглядае сціпла, але акуратна. Унутры будынка ёсць неабходны мінімум спадарожных тавараў.

– У нас можна не толькі заправіцца, але і папіць кавы (маем багаты яе выбар), з’есці фрэнч-дог, набыць напіткі, салодкія прысмакі, – кажа начальнік АЗС Вікторыя Ісупава. – Канешне ж, ёсць машыннае масла, антыфрыз, іншыя тэхнічныя вадкасці, а таксама неабходныя аўтамабілісту дробязі. На лета выстаўляем пару столікаў на вуліцы, каб людзі маглі перакусіць на свежым паветры. На жаль, паставіць больш не дазваляе тэрыторыя.

Наплыў кліентаў звычайна – у пятніцу бліжэй да вечара і ў выхадныя, калі мінчане едуць на дачы і вяртаюцца дахаты. З мінусаў – дрэнная даступнасць запраўкі для тых, хто рухаецца па шашы з боку Магілёва. Каб патрапіць да нас, ім трэба праехаць не адну сотню метраў да бліжэйшага моста, а потым столькі ж – у зваротным накірунку. Ды што казаць: жыхарам суседняй вёскі Хвойнікі дабрацца сюды праблематычна. Людзі незадаволеныя, асабліва карпаратыўныя кліенты, у якіх аплата паліва “прывязана” да нашай АЗС. Ведаю, што гадоў пяць таму наша кіраўніцтва спрабавала вырашыць гэтае пытанне на ўзроўні ці то вобласці, ці то рэспублікі, але не атрымалася. Там сказалі, што траса хуткасная, таму разрыў паміж палосамі зрабіць нельга па меркаваннях бяспекі руху…

У гутарцы з Вікторыяй мы звярнулі ўвагу на яшчэ адну праблему: пры з’ездзе з трасы на АЗС амаль па цэнтру ў асфальце ўтварылася яміна. Мясцовыя ведаюць, аб’язджаюць, а транзітныя аўтамабілісты, асабліва ў цемры, запраста могуць у яе ўскочыць.

– З’езд з шашы – тэрыторыя, якую абслугоўваюць дарожнікі, – патлумачыла начальнік АЗС. – Не так даўно, калі яны рабілі ямачны рамонт на “магілёўцы», абяцалі залатаць, але, мабыць, забыліся… Мы, работнікі станцыі, самі збіралі каменне і закідвалі ў яміну, але вялікагрузныя машыны коламі іх адтуль выбіваюць. Неўзабаве наша арганізацыя будзе рамантаваць дарожнае пакрыццё на тэрыторыі АЗС. Спадзяюся, што і яміне гэтай дадуць рады…

Адна з патрэб, якая, натуральна, узнікае ў транзітных кліентаў – схадзіць у прыбіральню. На АЗС №74 яна надворная, без выгод. Але санітарны парадак тут падтрымліваецца.

– Вядома, мінчане бываюць пад уражаннем, – кажа Вікторыя Ісупава. – І наша кіраўніцтва заклапочана праблемай: яе вырашэнне закладзена ў праграму рэканструкцыі, распрацаваную на бліжэйшыя два гады…

Паміж двух шляхоў

Кіруемся ў Смілавічы. На мясцовай АЗС №4 «Беларуснафта» ажыўлена. Яно і не дзіва: альтэрнатывы, як ля Чэрвеня, няма. Побач – гарадскі пасёлак. Ды і сама станцыя стаіць на скрыжаванні дзвюх транзітных дарог – “Мінск – Магілёў” і “Смалявічы – Шацк”.

Тры гады таму на АЗС зрабілі рэканструкцыю, таму выглядае тут усё ярка і свежа. У кафэ-маркеце – утульныя светлага колеру канапы і выбар тавараў у дарогу на любы густ. Няма недахопу і ў фаст-фудзе. Супу, салаты і другой стравы не паясі, але і галодным, дакладна, не застанешся.

Як распавялі работнікі АЗС, людзей тут шмат заўсёды, набываюць усё. І гэта не толькі транзітныя кліенты. Са Смілавічаў многія адмыслова прыязджаюць кавы папіць, перакусіць…

Прыбіральня на АЗС – з усімі выгодамі і ідэальнай чысцінёй. Мясцовая прыбіральшчыца вельмі расхвалявалася, калі пабачыла, што фатаграфую: угледзеўшы на сважапамытай падлозе адбіткі чыіхсьці ног, бегла папераду, каб зацерці: хаця б на здымак не патрапілі! Вось гэта адказнасць у чалавека!

Канешне, можна знайсці дробязныя хібы і на гэтай АЗС. Напрыклад, трава на тэрыторыі, якую, кажуць, касілі тыдні два таму, ужо зноў просіцца да пакосу. Ці не вельмі эстэтычныя столікі з металу на вуліцы. Тут, відаць, самі кліенты вінаватыя: стаялі пластыкавыя – паламалі. Метал, ён мацнейшы…

Узор для пераймання

Апошні аб’ект, які давялося наведаць, – вядомы прыдарожны комплекс “Сямёрачка” ля Смілавічаў. Збочыўшы з “магілёўкі”, нібыта трапляеш у іншае вымярэнне. Побач шуміць-віруе траса, а тут – ціха і ўтульна. Вабяць вока зелянінай дэкаратыўныя дрэвы і кусты. Адным словам, хто стаміўся і заехаў адпачыць – адразу рэлакс.

У “Сямёрачцы” ёсць магчымасць не толькі перакусіць, але і паўнавартасна паснедаць, ці паабедаць. У меню –  тры віды салаты, на першае – капуста і боршч, на другое – дранікі з мясам, свініна, галубцы, катлеты, запечаная курыца. Таксама ёсць чатыры віды піцы, кава, чай, кампот, сок.

– Рыхтуем усё хутка: хвілін дзесяць пасля заказу – і можна за стол, – кажа адміністратар кафэ Наталля Купрыенка. – Таксама ў нас заказваюць абеды навакольныя сельгаспрадпрыемствы. Акрамя таго, у кафэ можна адзначыць вяселле, юбілей, іншыя ўрачыстасці…

Не пустуе і гасцініца. У дзень нашага наведвання былі занятыя пяць з дванаццаці нумароў. Той, хто ўпадабаў гэтую паслугу, прыязджае сюды потым неаднойчы. Завітваюць і іншаземцы. Напрыклад, зараз у гасцініцы жыве грамадзянін Германіі.

Падчас нашай размовы з Наталляй Купрыенка на абед у кафэ заехалі па шляху дахаты жыхары Магілёва Сяргей, Ала і Дыяна.

– Мы тут упершыню, – распавяла Ала. – Але, думаю, не ў апошні раз. Гэта я ў меню зазірнула: такія памяркоўныя цэны мала дзе знойдзеш.

– Дзякуй Богу, што з’явілася такое месца, як “Сямёрачка”, – дадаў Сяргей. – Бо па трасе да самага Магілёва ўжо нідзе не паабедаеш. Толькі перакусіць можна на запраўках.

Што ж, думаю, такія водгукі прыемна чуць не толькі гаспадыні комплексу, дырэктару прыватнага прадпрыемства «ВерасокЭліт» Марыі Захаранка, але і ўсім жыхарам Чэрвеньшчыны. Бо “Сямёрачка” – гэта ўжо своеасаблівы брэнд раёна. І ўзор для пераймання.

 Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *