Футбол: чэрвеньскі “Колас” працягвае пераможнае шэсце ў Кубку Беларусі

Актуальное Спорт

Пасля пераканаўчай гасцявой перамогі ў першым папярэднім раўндзе над “Крупкамі-ДРБУ-164” (6:0) у мінулую нядзелю наша каманда прайшла і другі папярэдні раўнд, адолеўшы ў Капылі мясцовую “Бабоўню”.


Паколькі да стадыі 1/8 фіналу ў Кубку гуляецца толькі па аднаму матчу, права на памылку ў нашых не было. А сапернік “Коласу” выпаў не са слабых. Прынамсі, летась “Бабоўня” прайшла два раўнды ў Кубку, а таксама спынілася ў кроку ад бронзавых медалёў чэмпіянату вобласці.
Капыль сустрэў цёплым надвор’ем, не лепшай якасці газонам і гучнай падтрымкай мясцовых балельшчыкаў. Першы тайм сустрэчы прайшоў у роўнай барацьбе. Вострых момантаў ля варот было няшмат. У пачатку другога тайма нашы актыўна пайшлі наперад і мелі некалькі магчымасцяў адкрыць лік. У прыватнасці, толькі Аляксей Хадневіч двойчы “дараваў” галкіперу гаспадароў поля. Паступова “Бабоўня” выраўняла гульню. Стала зразумелым, што лёс матча можа вырашыць адзіны забіты мяч. Урэшце так і сталася.


Атака “Коласа” пачалася з глыбіні поля. Дзмітрый Асіпенка зрабіў доўгую навясную перадачу на Аляксея Хадневіча, наш нападаючы абыграў абаронцу капылян і скіраваў мяч у сетку міма галкіпера, які далёка выйшаў з варот.
Пасля прапушчанага гола “Бабоўня” вялікімі сіламі кінулася адыгравацца. Напружанне ўзрасло, калі за дзве хвіліны да заканчэння асноўнага часу сустрэчы абаронца чэрвеньцаў Сяргей Цярэшка спыніў саперніка на подступах да штрафной пляцоўкі цаной выдалення. Але нашы выстаялі да фінальнага свістка ўдзесяцёх і выбілі капылян з далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах.

Наступны сапернік «Коласа» ў Кубку Беларусі вызначыцца сёння. Анлайн жараб’ёўкі, які пачнецца ў 15 гадзін, можна паглядзець тут: https://www.youtube.com/live/yb2TKlaA_7g?feature=share

Ігар АДАМОВІЧ

“Бабоўня” (Капыль) – “Колас” (Чэрвень) – 0:1.
14 мая. Капыль. Гарадскі стадыён. 110 гледачоў.
“Колас”: Яфімаў, Івашкін, Цярэшка, Вінцукоўскі, Грыб, Асіпенка (Кірэеў, 90), Рубін (Сёмкін, 66), Чыжэўскі (Качаргін, 61), Паляшчук (Чысты, 83), Галюк (Клімовіч, 78), Хадневіч.
Гол у “Коласа”: Хадневіч (73).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *