Атрымай дзесяць, “Беразіно”: чэрвеньскі «Колас» паспяхова стартаваў у чэмпіянаце Беларусі па футболу

Актуальное Спорт

У першым туры спаборніцтваў новага сезону, папярэдні этап якіх “Колас” традыцыйна праводзіць у зоне “Поўнач” дывізіёну “Мінская вобласць”, чэрвеньцы на сваім полі прымалі “Беразіно”.

Сапернік – быццам бы і не топавы, але ў гісторыі супрацьстаяння з геаграфічнымі суседзямі неаднойчы здаралася, што бярэзінцы забіралі ў нашых ачкі. Праўда, не гэтым разам. Галоўны трэнер “Коласа” Дзяніс Трапашка сабраў сёлета моцны, зладжаны, баяздольны калектыў, які проста не мог зняславіцца перад сваімі трыбунамі.

А тут яшчэ, як на грэх, на той самай трынаццатай хвіліне, якія лічыцца нешчаслівай, у “Беразіно” надарылася выдаленне. І гэта таксама ў пэўнай ступені паўплывала на далейшы ход падзей у матчы.

Нашы адкрылі лік ужо праз пяць хвілін пасля таго, як госці засталіся ўдзесяцёх: Дзмітрый Асіпенка з вуглавога зрабіў навес у штрафную на Аляксея Хадневіча, і той галовой скіраваў мяч у вароты. Яшчэ праз дзесяць хвілін Хадневіч аформіў дубль, скарыстаўшыся перадачай Віталя Шадуркі. А пад заслону першай паловы сустрэчы Шадурка рэалізаваў пенальці.

Пасля перапынку нашы прадоўжылі разгром саперніка. Чацвёрты гол бярэзінцы “прывезлі” сабе самі: спрабуючы выбіць мяч пасля прастрэлу Максіма Чыжэўскага, ігрок гасцей зрэзаў яго ў свае вароты. Потым Аляксей Хадневіч замкнуў прастрэльную перадачу Віталя Шадуркі.

Неўзабаве за справу ўзяліся футбалісты, якія выйшлі на замену. Мікіта Каваленка, атрымаўшы мяч ад Аляксея Хадневіча, скінуў яго пад удар Паўлу Клімовічу, і Павел не прамахнуўся. Наступную нашу галявую атаку пачаў Дзмітрый Чысты. Ён зрабіў дакладную перадачу Паўлу Клімовічу, які вывеў на ўдарную пазіцыю Паўла Сёмкіна.

А вось Аляксей Хадневіч, наадварот, забіў свой чацвёрты ў гэтым матчы мяч, згуляўшы на перахопе, незадоўга да таго як пайсці на замену. Ды яшчэ і перадаў галявую эстафету Ігару Шмідаву, які яго замяніў. Не прайшло і хвіліны, як Ігар, атрымаўшы выдатны пас ад Паўла Сёмкіна, прымусіў галкіпера “Беразіно” ў дзявяты раз вымаць мяч з варот. А напрыканцы Павел Сёмкін аформіў дубль з перадачы Дзмітрыя Чыстага.

Матч другога тура, у якім “Колас” бліжэйшымі выхаднымі павінен быў гуляць у гасцях з вілейскай “Віліяй”, перанесены на больш позні тэрмін у сувязі з удзелам нашай каманды ў Кубку Беларусі.

 Ігар АДАМОВІЧ

Больш фота з матча «Колас» — «Беразіно» — у альбоме групы «Чэрвеньскі футбол» УКантакце: https://vk.com/album-107545859_293320850

“Колас” (Чэрвень) – “Беразіно” – 10:0.
6 мая. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. 150 гледачоў.
“Колас”: Яфімаў, Цярэшка, Вінцукоўскі, Івашкін (Кірэеў, 69), Асіпенка (Чысты, 69), Галюк (Сёмкін, 69), Рубін, Чыжэўскі (Качаргін, 60), Грыб (Клімовіч, 60), Шадурка (Каваленка, 60), Хадневіч (Шмідаў, 86).
Галы ў “Коласа”: Хадневіч (18, 28, 59, 85), Шадурка (42, з пенальці), аўтагол “Беразіно” (51), Клімовіч (65), Сёмкін (78, 89), Шмідаў (87).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *