Топ-5 падзей тыдня на Чэрвеньшчыне

Актуальное Общество

З-ЗА СТЫХІІ ЗНІКАЛА СВЯТЛО

У пачатку тыдня работнікі раённых электрасетак працавалі ва ўзмоцненым рэжыме.

З-за моцнага снегападу і шквалістага ветру перарывалася электразабеспячэнне ў дваццаці населеных пунктах раёна. Энергетыкі аператыўна ліквідоўвалі аварыі.

ВЁСЦЫ ПАТРЭБНЫ КАДРЫ

Пытанні прафарыентацыі і мэтавага накіравання моладзі ў гаспадаркі абмеркавалі на нарадзе ў Чэрвені.
У ёй удзельнічалі першы намеснік старшыні райвыканкама Наталля Лявонава, намеснік старшыні райвыканкама Лідзія Шчацінка, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і сельгаспрадпрыемстваў раёна.

На нарадзе, у прыватнасці, ішла гаворка пра школьнікаў, якіх цікавяць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, і пра накірункі іх падтрымкі.

СМІЛАЎЧАНЕ – ЛЕПШЫЯ

Смілавіцкія эрудыты выйгралі IV Рэспубліканскі турнір па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў малых населеных пунктаў.


Каманда “Акварыум” з СШ №2 у складзе Мікіты Посаха (капітан), Дар’і Бурак, Фёдара Кацінёва, Вадзіма Чупрынскага і Алісы Шастак пад кіраўніцтвам трэнера Святланы Плахатнюк перамагла ў “Сваёй гульні”, стала чацвёртай у “Што? Дзе? Калі?” і заваявала галоўны Кубак спаборніцтваў.

КАНІКУЛЫ – З КАРЫСЦЮ

Вучні пяці школ раёна падчас вясновых канікулаў маюць магчымасць зарабіць па дамоўленасці з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.


Яны, у прыватнасці, рамантуюць школьную мэблю і шыюць пасцельную бялізну.

ВАЛЕЙБАЛІСТЫ – З КУБКАМ

Каманда Чэрвеньскага раёна заваявала Кубак Мінскай вобласці па валейболу. На спаборніцтвах, якія адбыліся ў Мядзелі, нашы спартсмены перамаглі валейбалістаў з Любанскага, Мінскага раёнаў і гаспадароў пляцоўкі, саступілі Пухавіцкаму раёну і па лепшай суме ачкоў упершыню ў гісторыі выйгралі турнір.

Уладальнікамі Кубка ў складзе каманды сталі Аляксандр Няпеўны (капітан), Павел Ярашэвіч, Ігар Шчурко, Сяргей Зубаў, Мікалай Котчанка, Арцём Спірыдовіч і Аляксей Калугін.

За падзеямі сачыў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *