Міні-футбол: турнір памяці Мікалая Міцкевіча выйграла каманда «Ветэран»

Актуальное Спорт

У спартыўным комплексе “Ігумен” у суботу разыгралі ўзнагароды 31 турніру па міні-футболу памяці Мікалая Міцкевіча.

У спаборніцтвах, якія наладзіў раённы фізкультурна-спартыўны клуб, на першым этапе ўдзельнічалі шэсць каманд. У групе “А” згулялі “Ветэран”, футбалісты Чэрвеньскай СДЮШАР і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях (РАНС), у групе “Б” – каманды Чэрвеньскага РАУС, упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама (УУС) і калектыў аматараў футбола “Смілавічы”.

Стартавы матч турніру, “Ветэран” – СДЮШАР аказаўся адзіным, у якім перавага адной з каманд была відавочнай. Юныя футбалісты не справіліся з хваляванем і саступілі шматвопытным сапернікам з разгромным лікам – 0:7. У астатніх жа гульнях барацьба на пляцоўцы ішла з першых да апошніх хвілін.

У сустрэчы УУС – КАФ “Смілавічы” была зафіксаваная баявая нічыя – 2:2. Затым “Ветэран” адолеў РАНС – 3:2 – і забяспечыў сабе выхад у фінальную частку спаборніцтваў з першага месца. Смілаўчане, як і ў першым сваім матчы, на апошніх хвілінах сышлі ад паражэння ў гульні з РАУС – 2:2. Другім паўфіналістам з групы “А” выйшла каманда РАНС, якая мінімальна перамагла футбалістаў СДЮШАР – 3:2. Лёс яшчэ дзвюх пуцёвак у фінальную частку турніру вызначыўся ў матчы РАУС – УУС. Чэрвеньскія міліцыянеры выйгралі з лікам 3:1 і занялі першае месца ў групе “Б”, другімі сталі смілаўчане.

У першым паўфінале “Ветэран” быў мацнейшы за КАФ “Смілавічы” – 2:1. А вось другога фіналіста давялося вызначаць з дапамогай пасляматчавых пенальці, бо асноўны час сустрэчы РАУС – РАНС скончыўся ўнічыю – 2:2. У “футбольнай латарэі” ўдача ўсміхнулася ратавальнікам.

Бронзавыя медалі турніру заваявалі смілаўчане, якія ў матчы за трэцяе месца адолелі каманду РАУС – 2:0. А ў матчы за “золата” “Ветэрану” хапіла аднаго забітага мяча, каб перамагчы ратавальнікаў – 1:0. Уладальнікамі пераходнага кубка ў яго складзе сталі Сяргей Купровіч, Ігар Шмідаў, Дзмітрый Новік, Яўген Канашэвіч, Юрый Курын і Алексей Цыркун.
Акрамя медалёў, пераможцы і прызёры турніру атрымалі Дыпломы і памятныя кубкі. Узнагароды ўручылі начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Змачынская, а таксама сыны Мікалая Міцкевіча Андрэй і Максім.

Арганізатары адзначылі прызамі лепшага абаронцу турніру Андрэя Кірнішнюка (РАНС), лепшага бамбардзіра Паўла Клімовіча (КАФ “Смілавічы”) і лепшага іграка турніру Юрыя Курына (“Ветэран”). Прызы ад “Раённага весніка” – падпіску на газету на другі квартал – атрымалі Ігнацій Барбоцька (РАУС) і Ігар Шмідаў (“Ветэран”).

Сынам Мікалая Міцкевіча ўручылі падарункі ад Чэрвеньскага будаўнічага каледжа і каманды РАУС. А яны падаравалі камандам салодкія прызы.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *