Хто. Што. Дзе. Калі: топ-5 падзей тыдня на Чэрвеньшчыне

Актуальное Общество

ЗААТЭХНІКІ – З ДЫПЛОМАМІ

21 выпускнік Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа атрымаў у аўторак Дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з прысваеннем кваліфікацыі “Заатэхнік”. Адной з навучэнак, Аляксандры Турбан, уручылі Дыплом з адзнакай.

Да лета са сцен каледжа выйдзе яшчэ 80 дыпламаваных спецыялістаў па спецыяльнасцях “Ветэрынарная медыцына” і “Кіраванне ў аграпрамысловым комплексе”.

БЯСПЕКА – ПЕРШ ЗА ЎСЁ

Чэрвеньшчына далучылася да рэспубліканскай акцыі “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”, прысвечанай Сусветнаму дню грамадзянскай абароны.

Яна праводзіцца з 27 лютага да 24 сакавіка і накіраваная на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх, а таксама навучанне насельніцтва дзеянням па сігналу “Увага ўсім!”

УШАНОЎВАЮЦЬ ЖЫВЁЛАВОДАЎ

У раёне працягваецца акцыя “Наш жывёлавод”.

На гэтым тыдні галоўны прававы інспектар працы абкама прафсаюза АПК Андрэй Лагвінец і старшыня райкама прафсаюза Анастасія Пашкевіч завіталі ў ААТ “10 з’езд Саветаў”. Яны ўручылі Удзячныя лісты і падарункі работнікам фермаў гаспадаркі Анастасіі Лысабык, Вользе Свірыд, Таццяне Зыль, Алене Батурынай, Віктару Пыжу, Вользе Бяссонавай і Аляксандру Марціновічу.

ШТО РАБІЦЬ З “ПВК РОДАН”?

Пытанне ўзнікнення ў Беларусі новай маладзёжнай субкультуры абмеркавалі ў чацвер на відэанарадзе з педагогамі, бацькамі і навучэнцамі школ раёна.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетнік Чэрвеньскага РАУС Юлія Буркун растлумачыла, што ”ПВК Родан” выступае супраць фанатаў, скінхедаў і мігрантаў. Яе
ўдзельнікі ладзяць масавыя бойкі ў гандлёвых цэнтрах. Юлія Буркун, у прыватнасці, параіла бацькам не прымаць рэзкіх мер, але трымаць перасоўванне дзяцей пад кантролем і абмежаваць іх стасункі з тымі, хто знаходзіцца ў названай супольнасці.

“ПЕРАДСЕЗОНКА” ПАЧАЛАСЯ

У чацвер футбалісты чэрвеньскага “Коласа” правялі першую паўтарагадзінную трэніроўку ў рамках падрыхтоўкі да чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі.

Яна адбылася на комплексе палёў ФК “Мінск” у сталіцы нашай краіны.У трэніроўцы ўдзельнічаў 21 футбаліст. Сярод іх – як ігракі, якія гулялі за “Колас” у мінулым сезоне, так і тыя, хто запрошаны ў каманду на прагляд. Падрабязнасці – у адным з бліжэйшых нумароў «Раённага весніка».

За падзеямі сачыў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *