Сустрэча з камандай «Ураджайная» (Мінскі раён) адбылася на стадыёне спартыўнай базы ФК «Іслач» ў аграгарадку Бальшавік пад Мінскам.
«Колас» выйшаў на матч у наступным саставе. У варотах – Глеб Яфімаў, абаронцы – Юрый Весялоў, Сяргей Цярэшка, Мікалай Івашкін, Павел Лобач, паўабаронцы – Ян Герасёў, Максім Чыжэўскі, Аляксандр Паляшчук, Дзмітрый Чысты, Павел Клімовіч, нападаючы – Мікіта Каваленка.
Для «Ураджайнай» гэта быў ужо другі спарынг. Тыднем раней каманда, якая гуляе ў сталічным дывізіёне чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі, сустракалася з «РЦАР-БДУ» (дубль «Энергетыка-БДУ з вышэйшай лігі) і перамагла з лікам 4:2, прапусціўшы два мячы напрыканцы сустрэчы.
Як правіла, веснавы футбол, калі ігракі толькі набіраюць кандыцыі пасля зімы, не вызначаецца відовішчнасцю. Так было і ў матчы «Коласа» з «Ураджайнай». Пачалі каманды зусім асцярожна, прыглядаючыся адна да адной. Потым гульнявую ініцыятыву захапілі сапернікі чэрвеньцаў. Яны неаднойчы напружвалі нашага галкіпера. Але Глеб Яфімаў згуляў надзейна, як у «рамцы», так і на выхадах. Акрамя таго, ён гучна кіраваў дзеяннямі абаронцаў, што трымала іх у тонусе.
Строгая гульня на сваёй палове поля з пераходам у атаку пры першай зручнай магчымасці прынесла плён «Коласу» на 34-й хвіліне сустрэчы.
Дзмітрый Чысты з глыбіні поля зрабіў дакладную перадачу на Паўла Клімовіча, і той перакінуў галкіпера «Ураджайнай», які выйшаў на перахоп мяча – 1:0.
З небяспечных момантаў, створаных нашымі футбалістамі ў першым тайме, таксама варта адзначыць прастрэл уздоўж варот Аляксандра Палешчука, які не здолеў замкнуць Мікіта Каваленка, і ўдар Максіма Чыжэўскага, які адбіў варатар.
У перапынку Дзяніс Трапашка зрабіў па адной замене не ў кожнай з ліній. Месца ў варотах заняў Максім Ашуркевіч, у абароне Мікалая Івашкіна замяніў Ігар Бобрык, у паўабароне замест Дзмітрыя Чыстага на поле выйшаў Уладзіслаў Рубін, а ў нападзенні – замест Мікіты Каваленкі Андрэй Шафранскі.
У другім тайме мяч зноў больш знаходзіўся на нашай палове поля. Вынікам актыўных дзеянняў «Ураджайнай» стаў пенальці, прызначаны ў вароты «Коласа». Але Максім Ашуркевіч адбіў мяч.
Бліжэй да заканчэння сустрэчы ў саставе «Коласа» адбылося яшчэ некалькі замен. На поле выйшлі Ігар Шмідаў, Антон Гавароўскі і Сцяпан Лаўрык. Менавіта пасля гэтага нашы прапусцілі са штрафнога – 1:1. Да фінальнага свістка лік не змяніўся.
На бліжэйшую суботу ў «Коласа» запланаваны другі спарынг – са сталічнай «Арэнай». Час і месца правядзення гульні стануць вядомымі пазней.
Каментарый пасля матчу
Дзяніс Трапашка, галоўны трэнер «Коласа»:
– Спадабаліся настрой хлопцаў на барацьбу і, як не дзіўна, іх даволі прыстойныя для ранняй вясны фізічныя кандыцыі.
«Ураджайная» – сапернік не са слабых. Каманда трэніруецца два-тры разы на тыдзень, а ў нас пакуль што было усяго тры трэніроўкі. Тым не менш, нашы футбалісты выглядалі на фоне ігракоў з прысталічнага рэгіёну цалкам годна.
Перакананы, што мы маглі б і выйграць свой першы спарынг. Але такой задачы не было. Вынік для нас на цяперашнім этапе не мае вялікага значэння. Галоўнае, каб хлопцы адчулі задавальненне ад гульні. Вось чаму, у ахвяру выніку, мы далі магчымасць выйсці на поле кожнаму, хто прыехаў на матч. Ну і, канешне ж, для трэнера любы спарынг – гэта магчымасць ацаніць стан ігракоў і іх патэнцыял, прагледзець кандыдатаў у каманду.
Выдзяляць кагосьці з ігракоў, думаю, будзе не зусім правільна. Выключэнне зраблю для Глеба Яфімава. Ён паказаў сябе ў гульні як галкіпер добрага ўзроўню. Што тычыцца астатніх ігракоў на праглядзе, пэўныя высновы па іх я зрабіў, але канчаткова вызначымся пасля яшчэ двух-трох спарынгаў.
Разлічваю, што ў суботу на матчы з «Арэнай» да «Коласа» далучыцца шэраг новых ігракоў. Сярод іх – вопытныя футбалісты, імёны якіх на слыху. І ў дадзеным выпадку гаворка пра прагляд ужо ісці не будзе. Галоўнае – атрымаць іх згоду гуляць у новым сезоне за «Колас». Хто гэта? Пакуль не буду раскрываць карты. Усяму свой час.
Ігар АДАМОВІЧ