Хто. Што. Дзе. Калі: топ 5 падзей тыдня на Чэрвеньшчыне

Актуальное Общество

ЛЕПШЫЯ НА МІНШЧЫНЕ

Дзве ўзнагароды атрымалі на калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, прысвечанай вынікам працы за мінулы год, калектывы нашага раёна. Лепшай на Міншчыне ўстановай дадатковай адукацыі прызнаны Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна гарадскога пасёлка Смілавічы, лепшай установай сярэдняй спецыяльнай адукацыі – Смілавіцкі дзяржаўны каледж.

З ПАШАНАЙ ДА РОДНАЙ МОВЫ

Шматлікімі мерапрыемствамі адзначылі ва ўстановах адукацыі і культуры раёна Міжнародны дзень роднай мовы. Сярод іх – конкурсы чытальнікаў вершаў беларускіх паэтаў, віктарыны, вусныя часопісы, экскурсіі, інфармацыйныя хвілінкі, дыктоўкі, тыдні мовы, флэшмобы. Падрабязней пазнаёміцца з тым, як ушаноўвалі мову ў дзіцячых садках, школах, бібліятэках, раённым турысцка-краязнаўчым цэнтры і раёным краязнаўчым музеі можна ў стужцы тэлеграм-канала «Новости Червенщины». 

АХОВА ПРАЦЫ – ПАД КАНТРОЛЕМ

У аўторак адбылося чарговае пасяджэнне раённай камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў. На ім ішла гаворка пра выкананне заканадаўства аб ахове працы, стан траўматызму ў арганізацыях за мінулы год, эфектыўнасць працы мабільнай групы пры райвыканкаме. Таксама закраналася пытанне арганізацыі абавязковых медыцынскіх аглядаў работнікаў.

НЕ ЗАБУДЗЬЦЕСЯ ПАГЛЯДЗЕЦЬ!

На гэтым тыдні стала вядома, што праграма «Песні для душы» з удзелам чэрвеньскага вакальнага ансамбля «Соловушка» выйдзе на тэлеканале  «РТР» у нядзелю, 26 лютага. Пачатак – у 18 гадзін.

УШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ ТУРНІРАМ

У Смілавіцкім дзяржаўным каледжы адбыўся традыцыйны турнір па валейболу памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. На першым яго этапе  спаборнічалі каманды абодвух смілавіцкіх каледжаў, мінскія “Агат” і “Інфініці”, зборная Смілавічаў, “Бірбразерс” (Чэрвень), “Новыя Зелянкі”, а таксама каманда ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Узнагароды разыгралі чатыры мацнейшыя дружыны. У матчы за трэцяе месца “Новыя Зелянкі” ўзялі верх над “Інфініці” – 2:1. Пераможцай турніру стала каманда ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму, якая ў фінале з такім жа лікам адолела “Агат”.

За падзеямі сачыў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *