Зноў у тройцы: чэрвеньскі “Колас” перамог “Арэсу” з Любані ў чэмпіянаце вобласці па міні-футболу

Актуальное Спорт

У суботу “Колас” правёў на сваім полі першы ў новым годзе матч чэмпіянату Мінскай вобласці па міні-футболу. Перапынак у турніры быў выкліканы занальнымі кубкавымі спаборніцтвамі. На сустрэчу пятага тура чэмпіянату ў Чэрвень прыехала “Арэса” з Любані.


Наша каманда выйшла на гульню ў амаль што аптымальным саставе і ад пачатку акрэсліла перавагу над сапернікам. Ужо на шостай хвіліне Павел Сёмкін, які ў гэтым матчы дэбютаваў за міні-футбольны “Колас”, з блізкай адлегласці паразіў вароты “Арэсы”, замкнуўшы выдатную перадачу Аляксандра Палешчука. А неўзабаве сам Аляксандр, атрымаўшы пас ад Юрыя Весялова, забіў другі мяч у сустрэчы і свой сёмы ў чэмпіянаце.


Далей падзеі разгортваліся імкліва. Ужо праз хвіліну госці скарацілі разрыў у ліку, але літаральна ў наступнай атацы Мікалай Свірыдовіч зноў яго павялічыў – 3:1. Затым дакладным ударам са штрафнога вызначыўся Ігар Шмідаў. А незадоўга да заканчэння першага тайма нашы яшчэ раз прапусцілі – 4:2.


У перапынку ў раздзявалцы “Коласа” адбылася сур’ёзная размова. Гаворка ішла пра ненадзейную гульню ў абароне. Другі тайм паказаў, што работу над памылкамі чэрвеньцы зрабілі. Прынамсі, футбалісты “Арэсы”, як ні стараліся, больш не здолелі забіць Аляксандру Курыловічу.

А нашы, строга гуляючы ў абароне, не забываліся і пра атаку. Як вынік, мяч яшчэ двойчы пабываў у варотах гасцей. Галы Юрыя Весялова і Максіма Гумінскага раздзялілі менш чым дзве хвіліны.


Перамога з лікам 6:2 дазволіла “Коласу” вярнуцца ў тройку лідараў. Праўда, пакуль не на другое месца, якое ён страціў пасля гасцявога паражэння ад “Старых Дарог”, а на трэцяе. Улічваючы тое, што наша каманда ад пачатку не мела амбіцыйных планаў на гэты чэмпіянат, вынік неблагі. Ці атрымаецца лепш – час пакажа.
Пакуль жа “Колас” пазмагаецца за Кубак вобласці па міні-футболу. Адметна, што фінальны турнір гэтых спаборніцтваў 28-29 студзеня ўпершыню пройдзе ў спартыўным комплекс “Ігумен” Чэрвеньскай СДЮШАР. У суботу гульні пачнуцца ў 12 гадзін. У гэты дзень “Колас” сустрэнецца з “Нясвіжам” (14.00) і “Капылём” (16.00). У нядзелю наша каманда ў 10.00 згуляе з “Маладзечна”, а ў 12.00 – з салігорскім “Партызанам”. Прыходзьце падтрымаць нашых!

Ігар АДАМОВІЧ

“Колас” (Чэрвень) – “Арэса” (Любань) – 6:2.
21 студзеня. Чэрвень. Спартыўны комплекс “Ігумен”. 70 гледачоў.
“Колас”: Курыловіч, Свірыдовіч, Паляшчук, Чысты, Трапашка, Курбанаў, Гумінскі, Рубін, Весялоў, Цярэшка, Сёмкін, Шмідаў.
Галы ў «Коласа»: Сёмкін (6), Паляшчук (10), Свірыдовіч (12), Шмідаў (16), Весялоў (52), Гумінскі (53).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *