Ад Смілавічаў да Парыжа: у студзені споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння мастака Хаіма Суціна

Актуальное Культура

Старажытная Ігуменшчына і сучасная Чэрвеньшчына нарадзілі і выпеставалі шмат асоб, прозвішчы якіх сталі вядомымі ўсяму свету. Сярод іх – адзін з самых адметных мастакоў Парыжскай школы смілаўчанін Хаім Суцін.

У жыццяпісе славутага творцы дагэтуль ёсць мноства супярэчнасцяў і нестыковак. Нават дзень, калі ён пабачыў свет, падаецца па-рознаму. У прыватнасці, французскія крыніцы пазначаюць, нібыта Суцін нарадзіўся 9 чэрвеня, у большасці ж іншых называецца 13 студзеня 1893 года. Пры гэтым некаторыя ўвогуле сцвярджаюць, што сам мастак не ведаў даты свайго нараджэння. Так ці інакш, з часу, калі імя Суціна вярнулася на радзіму, яго юбілеі святкуюць менавіта 13 студзеня. Такім чынам, з дня нараджэння нашага знакамітага земляка споўнілася 130 гадоў.  

Першыя публікацыі пра Хаіма Суціна, якія з’явіліся ў беларускай перыёдыцы яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя, засноўваліся на версіях замежных біёграфаў мастака і былі напоўненыя звесткамі, якія насамрэч мелі мала агульнага з рэальнасцю. Пазней, па меры таго як жыццё і творчасць мастака пачалі даследавацца глыбей, перад намі паўстаў зусім іншы Суцін.

Паводле мастацтвазнаўцы Надзеі Вусавай, геніяльны мастак са Смілавічаў не быў ні вар’ятам, ні бедняком:

– І бацька ягоны быў не цыравальшчык, а паважаны кравец жаночага адзення, які жыў у цэнтры мястэчка. І не пагарджалі бацькі сынам-студэнтам Віленскай мастацкай школы, а, наадварот, ганарыліся, упрыгожваючы ягонымі вучнёўскімі работамі дом. І студэнцкія канікулы Хаім праводзіў на Балтыцы, бо праца рэтушора ў мінскім фотаатэлье давала цалкам прыстойны заробак. І сваякі ягоныя не загінулі ў гета, а мірна памерлі да вайны, і магілы іх вядомыя. І не быў Хаім вырадкам з пашкоджаным вокам, а проста пакутаваў ад нярвовага ціку. І, вядома, не быў ён вар’ятам, які шукаў свае творы, каб іх знішчыць, а проста быў надзвычай патрабавальным да сябе і пазбаўляўся недасканалых прац…

Суцін і Смілавічы

Звестак пра смілавіцкі перыяд жыцця Хаіма Суціна засталося няшмат. Тым больш каштоўнымі выглядаюць успаміны яшчэ аднаго мастака са Смілавічаў, Шрагі Царфіна, на якія спасылаецца мінскі перакладчык і журналіст Юрый Абдурахманаў у №32 часопіса “Мішпоха” за 2013 год.

Па сведчаннях Царфіна, бацька Суціна хаця і “не мінаў выпадку выказаць сыну сваё незадавальненне, …ганарыўся талентам сына і заўсёды паказваў кліентам малюнкі Хаіма, якія пакрывалі сцены яго дома». Дарэчы, многія біёграфы мастака сцвярджаюць, што, калі Хаім паведаміў родным пра ад’езд у Парыж, бацька пашыў яму паліто, якое мастак яшчэ доўга насіў у Францыі.Таксама Царфін прыгадваў, што падлеткам Суцін часта змалёўваў з фотаздымкаў, рабіў з іх павялічаныя копіі, якія прыводзілі ў захапленне жыхароў мястэчка. А пазней, калі вучыўся у Вільна, спрабаваў зарабляць гэтым на жыццё, бо бацька не мог дапамагаць яму грашыма. Акрамя таго, Шрага Царфін пакінуў апісанне бацькоўскай хаты Суціна: “Невялікі дом… фасадам выходзіў на вялікую плошчу, дзе 2-3 разы на тыдзень і па святах працаваў рынак. З зваротнага боку іх участак спускаўся да ракі Волма, якая падчас працяглых паводак амаль цалкам залівала сад… З правага боку знаходзілася адна з трох сінагог мястэчка”.

“Вяртанне са школы пасля навальніцы”

Колішнія сцвярджэнні наконт таго, што Хаім Суцін, з’ехаўшы ў Парыж, адцураўся радзімы і не падтрымліваў сувязь з роднымі, пазней былі абвергнуты дакументамі і ўспамінамі. У прыватнасці, на картцы эмігранта 18-гадовы юнак пазначыў месцам нараджэння менавіта Смілавічы. А калі Суцін акрыяў у Францыі, то аднавіў стасункі са сваякамі.

Надзея Вусава распавядае, што аднойчы Шрага Царфін перадаў Хаіму ліст ад бацькі, у якім той прасіў дапамагчы грашыма, каб падрамантаваць хату, човен і купіць новыя боты. А калі ў 1932 годзе малодшая сястра Этэль напісала яму пра смерць бацькі і аднаго з братоў, мастак усур’ёз разглядаў магчымасць набыць для яе і пераправіць у Смілавічы карову. Праўда, замест яе ўрэшце даслаў грошы.

Што да адлюстравання родных мясцін, то такіх карцін у Суціна нібыта і няма. Мо таму, што маляваў ён з натуры. Але калі вы пабачыце яго творы “Вяртанне са школы пасля навальніцы”, “Двое дзяцей на дарозе”, “Дрэвы на вятры”, то смілавіцкія матывы там лёгка ўгадваюцца.

Суцін і Парыж

Парыжскі перыяд жыцця Хаіма Суціна дастаткова падрабязна апісаны. Перш, чым узысці на мастацкі алімп, наш зямляк перажыў галодныя часы. Кім толькі ні даводзілася яму працаваць, каб пракарміцца ў французскай сталіцы, на зямлю якой ён сышоў 13 чэрвеня 1913 года пасля трох гадоў навучання ў Віленскай школе малявання! Грузчык на вакзале і рабочы на заводзе “Рэно”, рэтушор і натуршчык, маляр і рознарабочы… І гэта далёка няпоўны пералік. Пасяліўшыся ў знакамітым “Вуллі” – інтэрнаце маладых мастакоў на Манпарнасе – Суцін вучыўся ў старых майстроў у Луўры і шмат маляваў. Вырашальную ролю ў лёсе мастака адыграла сяброўства з Амадэа Мадыльяні, які напісаў некалькі партрэтаў Суціна, а таксама пазнаёміў яго з мясцовым прадаўцом карцін Леапольдам Збароўскім.

«Нацюрморт з селядцамі»

“Я сыходжу, але пакідаю вам Суціна, ён геній”. Мы ўжо ніколі не даведаемся, ці сапраўды так сказаў Мадыльяні Збароўскаму. Але тое, што ўсяго праз два гады пасля гэтага амерыканскі мільянер Альфрэд Барнс набыў адразу 52 карціны Суціна – бясспрэчны факт. Так адбыўся казачны скачок беднага і малавядомага мастака, фірмовымі колерамі якога ў жывапісе былі сіні і чырвоны, да славы і забяспечанага жыцця. На жаль, гэтае жыццё абарвалася занадта рана. Суцін памёр ад перытаніту, пасля аперацыі. Яго пахавалі на манпарнаскіх могілках. У цэнтры Парыжа, на Манмартры, стаіць помнік Суціну: невысокі чалавек у капелюшы, схаваўшы рукі ў кішэні паліто, ідзе насустрач моцнаму ветру. 

Помнік Суціну на Манмартры

Суцін і сучаснасць

12 лютага 2008 года у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі гарадскога пасёлка Смілавічы адбылася знакавая культурная падзея. Па  ініцыятыве Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА і пры падтрымцы раённых уладаў тут ўрачыста адкрылі экспазіцыю “Прастора Хаіма Суціна – L’Espace de Soutine”, прысвечаную жыццю і творчасці знакамітага земляка. Яе арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб кожны наведвальнік  адчуў атмасферу эпохі вялікага жывапісца. У першай зале “На радзіме: Смілавічы – Мінск – Вільня” – інфармацыйныя стэнды з фотаздымкамі, копіямі дакументаў, якія распавядаюць пра тагачасны пасёлак і радавод Суціна. Тут жа размясцілася старадаўняя мэбля, адшуканая ў пасёлку валанцёрамі і падораная экспазіцыі яе гаспадарамі. У другой зале – “Парыжскае кафэ” – стылізаваная абстаноўка тыповай французскай кавярні: стойка бара, некалькі столікаў з крэсламі, ралшторы з адлюстраваннем парыжскіх вуліц. На сценах – рэпрадукцыі карцін Суціна, стэнды, якія распавядаюць пра іншых беларускіх мастакоў-эмігрантаў той эпохі. Такім чынам, Хаім Суцін амаль праз стагоддзе віртуальна вярнуўся на малую радзіму. Дакладней, вярнулася памяць пра яго.

«Парыжская кавярня» ў Смілавічах

На працягу наступных гадоў намаганнямі “Белгазпрамбанка” Суцін назаўсёды вярнуўся ў Беларусь трыма арыгіналамі карцін – “Ева”, “Заснула з кнігай, Мадлен Кастэн” і “Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука”. Апошнюю з названых у 2015 годзе на паўдня прывозілі ў Смілавічы.

«Ева»

У 2018 годзе імя Хаіма Суціна надалі смілавіцкаму Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі. Гэта стала яшчэ адным крокам па ўвекавечанню памяці выбітнага творцы. Хто ведае, мо, з цягам часу спраўдзяцца і іншыя задумы прыхільнікаў і захавальнікаў яго творчасці. Напрыклад, усталяваць помнік мастаку і назваць яго імем вуліцу.

Дарэчы, тое, што музей Суціна ў Смілавічах – адзіны такі ў свеце – безумоўная падстава для гонару.

– Да 130-гадовага юбілею Хаіма Суціна мы падышлі з добрымі набыткамі, – распавяла кіраўнік музея Святлана Хасяневіч. – За мінулы год экспазіцыю наведала рэкордная колькасць аматараў мастацтва – амаль тры тысячы чалавек. І гэта пераважна беларусы. Пазбавіўшыся магчымасці вандраваць па далёкім  замежжы, нашы суайчыннікі тут, на радзіме, з задавальненнем адкрылі для сябе Суціна.

Увогуле ж дзейнасць музея непарыўна звязана з дзейнасцю самога Цэнтра. Пад уплывам чароўнай атмасферы мастацтва знаходзяцца не толькі ўдзельнікі нашага арт-цэнтра “Вулей”, які атрымаў званне ўзорнай студыі, але і ўсе выхаванцы. Постаць Суціна дае дзецям магутны штуршок да творчасці. У лютым будзе яшчэ адна адметная дата – пятнаццацігоддзе музея. Таму мы вырашылі адзначыць юбілей Хаіма Суціна  разам з ёй. У прыватнасці, рыхтуем выставу работ нашых выхаванцаў, створаных паводле ўспамінаў пра дзіцячыя гады мастака.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *