З чыстага ліста: чэрвеньскі «Колас» адкрывае міні-футбольны сезон

Актуальное Спорт

3 снежня чэрвеньскі «Колас» стартуе ў чэмпіянаце Мінскай вобласці па міні-футболу 2022-2023, які адначасова мае статус занальнага турніру чэмпіянату Беларусі сярод каманд першай лігі.

Напярэдадні падзеі карэспандэнт «Раённага весніка» пацікавіўся планамі на сезон у старшыні раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, кіраўніка і іграка «Коласа» Дзмітрыя Чыстага.

– Дзмітрый, наша каманда пачынае ўдзел у спаборніцтвах у статусе дзеючага  чэмпіёна вобласці. Ёсць жаданне паўтарыць поспех?

– Жаданне павінна быць заўсёды. Але «Колас» ставіць перад сабой крыху іншыя мэты. Яны тычацца наступнага сезону ў «вялікім» футболе. Гэта – паспяховае выступленне ў чэмпіянаце Беларусі сярод каманд другой лігі, а таксама ў Кубку Мінскай вобласці, каб зноў прабіцца ў Кубак рэгіёнаў Беларусі. Вось чаму ўдзел у міні-футбольным чэмпіянаце мы разглядаем найперш як этап падрыхтоўкі да «вялікага» футбола. Адпаведна, у саставе будуць футбалісты, на якіх у новым сезоне разлічваем.

– Можна назваць прозвішчы?

– Канешне, і практычна ўсе яны добра вядомыя нашым балельшчыкам па гульнях у чэмпіянаце Беларусі, Кубку вобласці і Кубку рэгіёнаў УЕФА. Гэта Аляксандр Курыловіч, Дзяніс Трапашка, Аляксандр Паляшчук, Уладзіслаў Рубін, Сяргей Цярэшка, Сяргей Галюк, Максім Гумінскі, Юрый Весялоў, Мікіта Каваленка і іншыя.

– У першым матчы «Колас» сустрэнецца ў суботу на сваёй пляцоўцы з «Белінвестам» (Мінскі раён). Ведаю, што ў яго саставе пераважная большасць ігракоў, якія летась сталі чэмпіёнамі  вобласці, гуляючы за «Колас»…

– …Так. Сапернік сур’ёзны, лёгкай гульні не будзе. З плюсаў тое, што мы ведаем не толькі моцныя, але і слабыя бакі апанентаў. І хаця «Колас» пачынае чэмпіянат у новым, незвычайным складзе, фактычна з чыстага ліста, выйдзем на стартавую гульню сезона з аптымізмам. А балельшчыкаў запрашаем нас падтрымаць.

У суботу, 3 снежня, прыходзьце ў спартыўны комплекс «Ігумен».  Матч пачнецца ў 15 гадзін.

– Поспехаў камандзе!

– Дзякуй!

  Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *