Агляд талентаў: у Чэрвені адбыўся турнір па міні-футболу на прызы Леаніда Корзуна

Актуальное Общество Спорт

Традыцыйны міні-футбольны турнір на прызы першага трэнера Чэрвеньскай ДЮСШ, Ганаровага грамадзяніна Чэрвеньскага раёна Леаніда Корзуна сабраў у СК «Ігумен» каманды спартыўных школ Чэрвеня, Мар’інай Горкі, Беразіно, Нясвіжа і Валожына, укамплектаваныя футбалістамі 2009-2010 гадоў нараджэння.

Чэрвеньская СДЮШАР, акрамя асноўнай каманды, заявіла на турнір зборную выхаванцаў, на два гады маладзейшых за сваіх сапернікаў. Для іх галоўным было адчуць дух спаборніцтваў, бо на роўных канкурыраваць са старэйшымі не выпадала. Саступіўшы камандам з Мар’інай Горкі – 0:7 і Нясвіжа – 0:9, нашы малыя завяршылі турнір перадапошнімі, паколькі футбалісты з Беразіно адмовіліся ад матча за пятае – шостае месцы.

Асноўная каманда Чэрвеньскай СДЮШАР у першым матчы разграміла бярэзінцаў – 8:1, але затым саступіла равеснікам з Валожына – 1:4, а ў матчы за трэцяе месца прайграла мар’інагорцам – 1:5. Пераможцамі турніру сталі юныя футбалісты з Валожына, якія ў фінальным матчы ўзялі верх над камандай з Нясвіжа – 4:2.
Прызы Леаніда Корзуна мацнейшым камандам і лепшым ігракам спаборніцтваў уручылі заслужаны трэнер Беларусі, Ганаровы грамадзянін Чэрвеньскага раёна Анатоль Усенка і былы старшыня Беларускай федэрацыі футбола, ураджэнец Чэрвеня Рыгор Фёдараў.

На цырымоніі ўзнагароджання таксама ўшанавалі каманду Чэрвеньскай СДЮШАР, якая сёлета заняла трэцяе месца ў чэмпіянаце Мінскай вобласці па футболу сярод навучэнцаў спартыўных школ 2010-2011 гадоў нараджэння. Футбалісты атрымалі заслужаныя бронзавыя медалі. Акрамя таго, чэрвеньскі «Колас» заахвоціў прызамі лепшых ігракоў. Яго капітан Дзмітрый Чысты ўручыў заплечнікі з сімволікай Кубка рэгіёнаў УЕФА абаронцу Цімафею Дзьячэнку і нападаючаму Мацвею Мірановічу, а лепшы паўабаронца Мікіта Яблонскі атрымаў у падарунак футбольны мяч.

Анатоль Усенка таксама адзначыў уласнымі прызамі некалькі юных талентаў, якія праявілі сябе на турніры. Ён пажадаў кожнаму ўдзельніку спаборніцтваў дасягнуць футбольных вяршынь, а пакуль – добра вучыцца ў школе і быць прыкладам для іншых.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *