Пасля дажджоў: гаспадаркі Чэрвеньшчыны аднавілі працу ў полі

Аграрный сектор Актуальное

Працяглая непагадзь скарэкціравала планы земляробаў. Зараз у гаспадарках Чэрвеньшчыны выкарыстоўваюць кожны пагодлівы дзянёк, каб навярстаць упушчанае падчас вымушанага прастою.

Механізатар на сяўбе Леанід Зыль.

У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Новыя Зелянкі” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі малочны завод №1” гэтымі днямі завяршаюць сяўбу азімых зерневых культур. На палетках гаспадаркі працуюць дзве сеялкі нямецкай вытворчасці “Хорш-3” і “Хорш-4”.

– Тэхніка добрая, але пераўвільготненай глебы баіцца, – кажа механізатар Леанід Зыль. – Таму сеяць даводзіцца не там, дзе планавалі, а там, дзе можна ўлезці ў поле.

Дажджы дадалі клопатаў на сяўбе яшчэ і таму, што на загадзя падрыхтаваных пад яе палетках дзе-нідзе даводзіцца рабіць паўторную культывацыю. Гэта – дадатковыя паліва і час. Але ў гаспадарцы, дзякуючы добрай арганізацыі працы, з праблемай спраўляюцца, даючы фронт работ пасяўным агрэгатам.

Механізатары Леанід Абрагімовіч і Ігар Кушнер убіраюць кукурузу на сілас.

Адначасова ў сельгасфіліяле працягваюць назапашваць сілас з кукурузы. Пакуль што на ўборцы гэтай культуры заняты адзін кормаўборачны камбайн.

Механізатары на трамбоўцы сіласу Аляксей Швабскі і Уладзімір Няборскі.

– Ёсць тэхнічная магчымасць працаваць двума, – тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Наталля Сахончык. – Але не хапае транспарту для адвозкі масы, паколькі шмат трактароў зараз на пасяўной. Як толькі яны вызваляцца, тэмпы нарыхтоўкі кармоў павялічацца. Такая неабходнасць ёсць, бо кукурузу, якую пакідалі на зерне, часткова давядзецца ўбіраць на сілас.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *