У Чэрвені абмеркавалі гатоўнасць да ацяпляльнага сезону і рэалізацыю патрабаванняў Дэкрэта №18

Актуальное Власть

Пытанні гатоўнасці народнагаспадарчага комплексу Чэрвеньшчыны да працы ў асенне-зімовы перыяд і аб рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” за 8 месяцаў абмеркавалі на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Распавядаючы аб тым, як прайшла ў раёне падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду, першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Гадун, у прыватнасці, адзначыў, што пашпарты гатоўнасці па стану на 23 верасня атрыманы на 57 з 58 крыніц цяпла і на 119 са 127 спажыўцоў цеплавой энергіі.

На ўсіх кацельнях ствараюцца планавыя запасы рэзервовага паліва. Пры падрыхтоўцы жылых будынкаў, інжынерных сістэм і абсталявання выконваецца максімальна магчымы комплекс мерапрыемстваў, які забяспечвае ўстойлівую працу сістэм жыццезабеспячэння насельніцтва ў ацяпляльны перыяд.

Чэрвеньскі філіял дзяржаўнага прадпрыемства“Мінаблпаліва” ўжо рэалізаваў арганізацыям і насельніцтву дроў і брыкету 85,3 і 48,2 працэнта ад задання, адпаведна, а Чэрвеньскі лясгас – больш за 33 тысячы кубічных метраў дроў.

Філіял КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ-121” назапасіў 2636 тон супрацьгалалёдных матэрыялаў, што складае 48 працэнтаў ад задання. Для ўтрымання ў зімовы перыяд дарожнай сеткі ў належным стане, падрыхтаваныя тры раскідвальнікі пяску, тры грэйдары, чатыры пагрузчыкі, сем трактароў. Чэрвеньская жыллёва-камунальная гаспадарка адрамантавала снегаўборачную тэхніку і абсталяванне, назапасіла 300 тон пяшчана-салянай сумесі і супрацьгалалёдных рэагентаў.

Усе кацельні, якія знаходзяцца на балансе ЖКГ, падрыхтаваныя для праверкі Дзяржпрамнаглядам.  У належны тэхнічны стан прыведзены дымавыя і вентыляцыйныя каналы ў шматкватэрных і блакіраваных жылых дамах, дзе ёсць газавае абсталяванне з цэнтралізаваным вывадам прадуктаў згарання. Зацверджаны і прадстаўлены спажыўцам цеплавой энергіі графікі ўключэння ацяплення.

Камунгас правёў выпрабаванні кацельняў і прафілактычны рамонт іх абсталявання, стварыў запас паліва, выканаў планавую замену цеплавых сетак. У жылым фондзе зроблены прафілактычны рамонт і гідрапрамыўка сістэм ацяплення, планавы рамонт дахаў і стыкаў панэляў, іншыя неабходныя мерапрыемствы.

Значны аб’ём работ па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезону выкананы на аб’ектах водаканалу, сацыяльнай сферы, сельскай гаспадаркі, прамысловасці.

Намеснік старшыні райвыканкама Лідзія Шчацінка падчас выступлення па другому пытанню парадку дня адзначыла, што маніторынг выканання патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 штоквартальна ажыццяўляецца на пасяджэннях каардынацыйнага савета, Савеце ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму. Сёлета за 8 месяцаў праведзены шэраг тэматычных міжведамасных семінараў з удзелам супрацоўнікаў РАУС, раённай бальніцы, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, іншых зацікаўленых арганізацый.

Супрацоўнікі Чэрвеньскага РАНС правялі абследаванні 1400 дамоў і кватэр, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, у тым ліку – 419 шматдзетных сем’яў. Па іх выніках на адрас устаноў адукацыі накіравана 149 інфармацый для выпраўлення выяўленых недахопаў.

Спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правялі 49 абследаванняў умоў пражывання сем’яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Яны тлумачылі бацькам асноўныя палажэнні Дэкрэта №18, распавядалі пра магчымыя віды дапамогі і паслугі цэнтра.

У рамках міжведамасных прафілактычных акцый “Дом без гвалту”, “Сям’я без гвалту”, а таксама рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат” праводзілі рэйды па кантролю за ўмовамі жыцця і выхавання непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Лідзія Шчацінка падкрэсліла, што асноўнай прычынай знаходжання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы застаецца п’янства бацькоў (ці аднаго з бацькоў) і сямейна-бытавыя канфлікты на гэтай глебе. Яна таксама распавяла пра арганізацыю працы з абавязанымі асобамі, захады па іх працаўладкаванню і вяртанню выдаткаў на карысць дзяржавы.  

Па абмеркаваных пытаннях райвыканкам прыняў рашэнні, у якіх акрэслены дадатковыя меры, накіраваныя на забеспячэнне стабільнай працы народнагаспадарчага комплексу ў асенне-зімовы перыяд і ўдасканаленне работы па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *