Удзельнікаў жніва на Чэрвеньшчыне ўшаноўваў прафсаюз

Аграрный сектор Актуальное

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Пашкевіч штодня выязджала на палеткі гаспадарак, каб пацікавіцца ўмовамі працы хлебаробаў, павіншаваць камбайнераў і вадзіцеляў, якія асабліва вызначыліся на абмалоце збожжа і адвозцы яго на зернеток.

– Летась у гаспадарках, якія належаць нашаму галіноваму прафсаюзу, мы віншавалі тысячнікаў – 23 камбайнераў і вадзіцеляў, – распавядае Анастасія Пашкевіч. – Сёлета тысячнікаў, двухтысячнікаў і трохтысячнікаў – ужо амаль 70. Кожнаму з іх мы ўручалі Падзячныя лісты, вымпелы перадавікоў жніва, налепкі на кабіны камбайнаў з зоркамі, унутры якіх надпісы “1000 тон”, “2000 тон”, “3000 тон”, і падарункі. Актыўна падключыліся да ўшанавання хлебаробаў прафкамы гаспадарак. Асобная ўдзячнасць – жартоўнаму гурту “Чэрвеньскія балагуры” раённага Цэнтра культуры і адпачынку. Яго артысты выязджалі на палеткі разам з намі, падбадзёрваючы ўдзельнікаў жніва песнямі.

Клопат пра гаспадаркі, работнікі якіх уваходзяць у прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемстваў-інвестараў, узяла на сябе старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна. Яна выязджала з падарункамі да тысячнікаў, віншавала імяніннікаў падчас жніва ў СВФ “Аграбуд” , “Новыя Зелянкі” і СКГ “Велікаполле”. 

– Прыемна ўсведамляць, што наша падтрымка хлебаробаў у напружаны час уборкі ўраджаю – таксама ўнёсак у вялікую агульную справу захавання харчовай бяспекі краіны, – адзначыла Вольга Коціна. – А тыя атрыбуты і падарункі, якія мы ўручалі лепшым на жніве, застануцца ў іх на доўгую добрую памяць.

 Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *