Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднойчы падкрэсліваў важнасць вырошчвання рапсу як крыніцы высакаякаснага расліннага алею і кармавога бялку.

“Рапс – гэта грошы для сялян. Сёння нават у перыяд гэтых шалёных санкцый Еўропа просіць: “Дайце рапсавы алей!” Трэба выходзіць на мільён тон ураджаю. Мы ўжо сёння маем больш за 700 тысяч. Нават з гэтымі пасяўнымі плошчамі, што ў нас ёсць, калі так тэхналагічна гаспадарыць, мы будзем мець мільён”, – цытавала Прэзідэнта БЕЛТА падчас яго рабочай паездкі ў Шклоўскі раён сёлета ў чэрвені.
Да тэмы рапсу кіраўнік дзяржавы звярнуўся і наведваючы на мінулым тыдні ААТ “Жураўлінае” ў Пружанскім раёне. Тут Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з рознымі гатункамі і гібрыдамі, а таксама прадукцыяй, што вырабляецца з насення гэтай культуры.
На Чэрвеньшчыне сёлета атрымалі 7898 тон алейнага насення азімага рапсу ў бункернай вазе пры сярэдняй ураджайнасці 22 цэнтнеры з гектара. Пад ураджай будучага года ў гаспадарках адвялі 4660 гектараў. Паводле звестак райсельгасхарчу на 25 жніўня, 96 працэнтаў рапсавых палеткаў ужо засеялі.
Эксперыментальная база “Натальеўск” мае самую вялікую ў раёне ўборачную плошчу азімага рапсу і атрымала ў гэтым годзе самую высокую сярод гаспадарак раёна ўраджайнасць алейнага насення – 26 цэнтнераў з гектара.
За апошнія чатыры гады тут пашырылі пасевы азімага рапсу з 350 да 1000 гектараў. Балазе, далучаныя землі колішняга сельгаспрадпрыемства “Ганута-Агра” дазволілі зрабіць гэта без праблем.

– Вырошчваць больш рапсу для нас – жыццёвая неабходнасць, – каментуе галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Бабіновіч. – Адыходы яго прамысловай перапрацоўкі – жмых – выкарыстоўваем як высокабялковы кампанент кармасумесі для дойнага статка. Увогуле гэтай культурай займацца выгадна. Нават з улікам высокіх выдаткаў на догляд за пасевамі рапс сябе акупляе. Сёння за тону алейнага насення даюць 1500 рублёў. Гэта ў сярэднім утрая больш, чым закупачны кошт тоны збожжа. А яшчэ рапс – выдатны папярэднік для зерневых культур.
Рапсавыя палеткі мы сёлета засявалі гатункамі “Імперыял”, “Онікс”, “Буян”, а таксама гібрыдамі “Мерседэс”, “Кельтар”, “Куга” і “Паркурс”. Атрымалі 2555 тон алейнага насення ў бункернай вазе. Гэта ўдвая больш, чым летась.
Маем неблагі ўраджай дзякуючы выкананню ўсіх тэхналагічных патрабаванняў да вырошчвання рапсу. Сярод іх – унясенне поўных доз мінеральных угнаенняў, а таксама шырокі комплекс мер па абароне раслін ад хвароб і шкоднікаў.
Большую частку рапсу будзем прадаваць, але не зараз, а восенню, зімою і вясною, каб бесперапынна мець жмых для патрэб жывёлагадоўлі. Неабходную колькасць алейнага насення пакінем як эліту, на вытворчасці якой мы, нароўні з зерневымі, спецыялізуемся…

24 жніўня ў эксперыментальнай базе «Натальеўск» завершылі сяўбу азімага рапсу. Каб укласціся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, механізатары Руслан Марчанка і Аляксей Клімовіч працавалі на трактары «МТЗ-3522» з пасяўным агрэгатам «Лемкен» у дзве змены. За суткі яны засявалі рапсам да ста гектараў палеткаў.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара