Пасля нечаканага крыўднага паражэння ў Мар’інай Горцы ад мясцовай “Вікторыі” нашы футбалісты паставілі сябе ў няпростае становішча. Каб атрымаць запаветную пуцёўку ў фінальныя раўнды чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі і чэмпіянату Мінскай вобласці, “Коласу” трэба было не толькі перамагаць у трох апошніх турах, але і чакаць, што мар’інагорцы згубяць два ці тры ачкі дома ў матчы з “Жодзіна-Паўднёвым”.
Наперадзе ў нашых былі дзве сустрэчы з дзяржынскім “Адзінствам”. Першая, хатняя, не адбылася: госці не прыехалі ў Чэрвень і, такім чынам, “падаравалі” “Коласу” тры ачкі. А ў мінулую нядзелю чэрвеньцы выправіліся ў Дзяржынск.
Гульня пачыналася амаль у трыццаціградусную спёку. Тым не менш, нашы футбалісты адчувалі сябе даволі бадзёра і з першых хвілін захапілі ініцыятыву. У дэбюце сустрэчы два галявыя моманты не рэалізаваў Сяргей Лізуноў. Але неўзабаве яму выпаў трэці шанц. Гэтым разам лепшы бамбардзір “Коласа” не схібіў – выйшаў сам-насам з галкіперам і скіраваў мяч у вароты. На працягу першага тайма чэрвеньцы яшчэ неаднойчы напружвалі абарону гаспадароў поля, але, як гэта ў іх нярэдка бывае, да завяршальных удараў справа не даходзіла.
Халодным душам для “Коласа” стаў пачатак другой паловы сустрэчы. Ужо на першай яе хвіліне імклівую атаку правялі футбалісты “Адзінства”, і Аляксандр Курыловіч быў вымушаны вымаць мяч з сеткі сваіх варот. Нічыйны лік трымаўся на табло да 72-й хвіліны. А потым Павел Сёмкін, які выйшаў на замену, трапным ударам вывеў нашых наперад. Канцоўка сустрэчы атрымалася багатай на галы. Чэрвеньцы яшчэ тройчы забілі (вызначыліся Дзяніс Трапашка, Андрэй Фамін і Георгій Кудраўцаў) і двойчы прапусцілі.
Перамога – 5:3 – пакінула “Коласу” шанц заняць другое месца ў зоне “Поўнач” і прадоўжыць футбольную восень. Умовы не змяніліся: у апошнім туры нашым трэба перамагаць у гасцях вілейскую “Вілію” і чакаць, што “Вікторыя” згубіць ачкі ў матчы з “Жодзіна-Паўднёвым”. Спадзяёмся і верым!
«Адзінства» (Дзяржынск) — «Колас» (Чэрвень) – 3:5.
28 жніўня. Дзяржынск. Гарадскі стадыён. 100 гледачоў.
“Колас”: Курыловіч, Рубін (Фамін, 55), Івашкін, Саплін, Болбас (Весялоў, 85), Петрушэня, Качаргін (Герасёў, 55), Кудраўцаў, Паляшчук (Клімовіч, 65), Мурашка (Сёмкін, 55), Лізуноў (Трапашка, 65).
Галы ў “Коласа”: Лізуноў (14), Сёмкін (72), Трапашка (81), Фамін (85), Кудраўцаў (88).