Першыя намалоты радуюць хлебаробаў.
На палетку філіяла “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон”, які амаль ушчыльную падыходзіць да вёскі Грабёнка, у панядзелак збажыну абмалочвалі два камбайны. На “КЗС-1420” шчыруе перадавы камбайнер раёна Андрэй Пятруша. Другі год памочнікам у яго – дачка Карына.

– Раней я на жніве з сынам Арцёмам працаваў, – гаворыць Андрэй. – Зараз ён у войску служыць, а эстафету перадаў сястры. І нічога, спраўляецца. Першы год, канешне, цяжкавата ёй было. Зараз асвоілася ўжо. Кожную раніцу перад выхадам у поле сама чысціць і змазвае камбайн. Ураджай добры, душа радуецца. Галоўнае – убраць яго без страт…
На загонцы непадалёк плыве на пшанічнай ніве добра знаёмы “ДООН-1500Б” зялёнага колеру. Здаецца, зусім нядаўна мы распавядалі пра тое, што камбайн-ветэран сямейнага экіпажа Жарабцовых у гэтым сезоне перайшоў ад бацькі да сына, і вось ужо сустракаем за штурвалам новага гаспадара.
– Хвалявання не было, – папярэджваючы наша пытанне кажа Андрэй. – Усё ж памочнікам пяць сезонаў на гэтым камбайне адпрацаваў. Ды і тата недалёка: калі трэба – звяртаюся да яго па параду. Дарэчы, у мяне сёлета добры памочнік, Пётр Дрэйманіс. Ён – з Браслаўшчыны, на радзіме таксама на камбайне працаваў. Мы з Пятром чатыры гады разам у сельскагаспадарчым каледжы за адной партай сядзелі, а потым яшчэ тры гады ў войску служылі ў адной часці. Так што разумеем адзін аднаго з паўслова.

– Абмалот азімай пшаніцы мы пачалі напрыканцы мінулага тыдня, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік. – На першым палетку атрымалі 43 цэнтнеры з гектара, на гэтым сыпле ўжо 48. Сеялі тут беларускім гатункам “Элегія”. Усяго ён займае 200 гектараў. Ёсць яшчэ 400 гектараў азімай пшаніцы нямецкага гатунку “Патрас”. Таксама разлічваем на добры ўраджай трыцікале і жыта.
Рапс сёлета патрапіў пад сакавіцкія замаразкі, але ўсё адно плануем атрымаць алейнага насення калі і крыху менш, чым летась, то не нашмат. Гэтая культура – на падыходзе да ўборкі. На абмалот рапсу паводле рабочага плана адвялі пяць-шэсць дзён, на зерневыя – дваццаць. Вядома ж, з карэкціроўкай на надвор’е.
Леанард Мельнік таксама распавёў, што адна з нязручнасцяў падчас сёлетняга жніва – зерневыя культуры і рапс паспяваюць адначасова, а зернесушыльны комплекс у гаспадарцы адзін. Давядзецца дапрацоўваць збожжа і алейнае насенне папераменна.
Калі вярталіся з поля, непадалёк ад машыннага двара сустрэлі дырэктара гаспадаркі Арцёма Анціфеева.
– Жніво пачынаецца сёлета значна пазней, чым звычайна, – адзначыў ён. – Зерневыя культуры паспяваюць нераўнамерна, а тэрміны ўборкі – сціслыя. Таму прынялі рашэнне выходзіць у поле. Канешне, зерне вільготнае, даводзіцца несці дадатковыя выдаткі на яго дапрацоўку. Аднак інакш не атрымліваецца: трэба ўбіраць салому, узворваць глебу і рыхтавацца да сяўбы рапсу.
Арцём Анціфееў распавёў, што ў СВФ “Аграбуд” – самы вялікі ў раёне дзяржзаказ па азімай пшаніцы – 1600 тон. І якраз падчас нашага наведвання гаспадаркі на зерняток прыехала першая машына з чэрвеньскага аўтапарка №20, каб загрузіцца збожжам і ўзяць накірунак на хлебапрыёмны пункт.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара