У раённым краязнаўчым музеі адкрылася інтэрактыўная выстава “Вакол свету. Японія”

Актуальное Культура Общество

У асноўнай экспазіцыі — больш за 50 экспанатаў.

Тут можна пабачыць васковыя фігуры самураяў 18 стагоддзя і акцёра тэатра “Кабукі”, карціну “Сон самурая” пры набліжэнні да якой адчуваецца пах кветак сакуры, лялькі 19 стагоддзя, цацкі, зброю, вееры, кімано і шмат іншага.

У асобнай зале арганізатары выставы наладзілі “Індыга-шоў”. У цёмным пакоі пад ультрафіялетавымі промнямі з’яўляюцца нябачныя пры дзённым святле прадметы і малюнкі, створаныя фарбамі з адмысловых марскіх водарасцей у сумесі са срэбрам. А яшчэ тут можна самаму штосьці намаляваць на светлавой дошцы з дапамогай мабільнага тэлефона.

Кожны, хто завітае на выставу, атрымае магчымасць сфатаграфавацца ў мужчынскім і жаночым кімано, паглядзець японскае кіно, паўдзельнічаць у віктарыне. Для дзяцей працуе гульнявая зала.

Цікавы і змястоўны экскурс у гісторыю, сучаснасць і культурныя традыцыі краіны ўзыходзячага сонца зрабіў падчас адкрыцця выставы прадстаўнік японскага Цэнтра культуры і спорту ў краінах СНД “Добрасуседства” Уладзіслаў Асака. Ён падкрэсліў, што ў нас з японцамі шмат агульнага. І найперш – рысы характару: ветлівасць, павага да старэйшых, самаахвярнасць, а таксама абавязковасць і ўдзячнасць.

У адкрыцці выставы, якая, як плануюць арганізатары, будзе працаваць у музеі да канца жніўня, узяў удзел госць з Санкт Пецярбурга – прэс-сакратар міжнароднай садружнасці праваслаўных аўтараў і выканаўцаў “Благодар” Уладзімір Валконскі. Ён прачытаў свой верш, прысвечаны 635-годдзю заснавання Чэрвеня.  

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *