У гаспадарках Чэрвеньшчыны ідуць апошнія прыгатаванні да жніва

Аграрный сектор Актуальное

Паводле звестак райсельгасхарчу, сёлета азімы рапс на зерне займае на палетках сельгаспрадпрыемстваў Чэрвеньшчыны 3644 гектары. Таксама неабходна абмалаціць 21283 гектараў збажыны без уліку кукурузы, грэчкі і проса.

Важнае значэнне падчас жніва будзе мець надзейная праца тэхнікі. Як распавёў “Раённаму весніку” начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Сяргей Коваль, на пачатак тыдня з 68 камбайнаў, якія плануецца задзейнічаць ва ўборцы ўраджаю, былі адрамантаваныя 65. З іх атрымалі допуск да працы ў полі 52, на астатніх завяршаецца ўкамплектаванне ўсім неабходным і герметызацыя агрэгатаў. Тры камбайны пакуль няспраўныя. Адзін з іх мяркуецца спісаць, два павінны быць адрамантаваныя бліжэйшымі днямі.

Сяргей Коваль адзначыў, што сёлета гаспадаркі пачалі падрыхтоўку збожжаўборачнай тэхнікі да жніва пазней, чым звычайна. Звязана гэта з тым, што з-за неспрыяльнага надвор’я запазнілася корманарыхтоўка: механізатары, за якімі замацаваныя камбайны, былі занятыя ёй. Аднак рамонтныя работы ўдалося правесці ў сціслыя тэрміны. Былі праблемы з запчасткамі: некаторыя з іх, на імпартную тэхніку, даводзіліся заказваць за мяжой. Хтосьці з-за фінансавых цяжкасцяў набываў неабходныя вузлы і механізмы авансам за будучы ўраджай або ў пазыку, але абышліся без бюджэтнай падтрымкі.

Дапрацоўку збожжа ў гаспадарках будуць забяспечваць 14 зернесушыльных комплексаў. Усе яны гатовыя па працы. Тэхнікі для адвозкі збожжа ад камбайнаў у сельгаспрадпрыемстваў дастаткова. А для яго пастаўкі на хлебапрыёмныя пункты ў лік дзяржзаказу будзе задзейнічаны грузавы транспарт аўтапарка №20.

Паводле слоў Сяргея Коваля, зыходзячы з цяперашняга надвор’я, можна прагназаваць, што масавае жніво пачнецца ў раёне прыкладна праз два тыдні. Пры гэтым, хутчэй за ўсё, як і ў мінулым годзе, рапс і зерневыя давядзецца ўбіраць адначасова. І яшчэ да завяршэння абмалоту збажыны надыдуць спрыяльныя агратэхнічныя тэрміны для сяўбы азімага рапсу. Гаспадаркі рыхтуюцца да такой сітуацыі ўжо зараз: распрацаваныя рабочыя планы па аператыўнай уборцы і звозцы саломы, ворыву глебы.  

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *