У ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс” пачалі жніво з абмалоту азімага ячменю

Аграрный сектор Актуальное

Летась гэтую культуру пасеялі тут у якасці эксперыменту і атрымалі неблагі вынік – 30 цэнтнераў з гектара.

Паколькі азімы ячмень зараз у цэнтры ўсеагульнай увагі, я патэлефанаваў у гаспадарку і разам з аграномам Ілонай Бурай выправіўся ў поле.

Палетак за вёскай Майзарова сустрэў мерным гулам тэхнікі і водарам спелай збажыны. Палову ячменю ўжо прыбралі, а на другой сцяною стаялі спелыя бурштынавыя каласы.

– Сыпле пад трыццаць цэнтнераў з гектара, – выціраючы пот з ілба, усміхаецца камбайнер Андрэй Крыцкі. – Пасевы роўныя, чысцюткія: убіраць адно задавальненне. Настрой добры, прыемна пачынаць сезон на ўраджайным полі. Рухаемся на камбайнах павольна, каб ніводнае зярнятка не згубіць.

Камбайнер ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс» Андрэй Крыцкі на палетку азімага ячменю.

Ілона Бурая таксама задаволеная вынікамі эксперыменту.

– Заўсёды хочацца паспрабаваць штосьці новае, – кажа яна. – Калі задумалі заняцца азімым ячменем, сумненні, канешне ж, былі. У адрозненне ад іншых зерневых, якія сеюць увосень, у яго вузел кушчэння знаходзіцца не ў глебе, а на паверхні. Таму ёсць рызыка, што пасевы пашкодзіць мароз. Але зімы ў нас зараз даволі мяккія, і мінулую ячмень беларускай селекцыі гатунку “Бажант“, які мы пасеялі дзеля эксперыменту на пяцідзесяці гектарах, перажыў без праблем. Догляд быў самым звычайным: увесну падкармілі, правялі хімпраполку.

Таксама нас палохалі, што нібыта азімы ячмень з-за павышанай асцюкаватасці будзе дрэнна высыпацца з бункера камбайна. Але асцюкі амаль цалкам паадвальваліся пры абмалоце. Не перашкаджалі яны і пры дапрацоўцы збожжа.

Аграном ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс» Ілона Бурая.

Трыццаць цэнтнераў з гектара – нядрэнна, асабліва калі ўлічыць, што ніякіх дадатковых выдаткаў пры вырошчванні азімага ячменю мы не панеслі. Зразумела, у далейшым трэба імкнуцца да павелічэння ўраджайнасці, бо гэтая культура можа даваць і па пяцьдзясят цэнтнераў на круг. Сярод рэзерваў – аптымізацыя нормаў высявання насення і доз унясення мінеральных угнаенняў.

Ілона Бурая называе адну з галоўных прычын, па якой вырошчваць азімы ячмень выгадна – ранні тэрмін паспявання. У нашых кліматычных умовах ён гатовы да ўборкі ўжо ў сярэдзіне ліпеня. Гэта дае магчымасць папоўніць дэфіцыт бялковага складніку ў кармавым рацыёне буйной рагатай жывёлы. З іншых плюсоў – стабільная ўраджайнасць і, як прагназуецца, трывалы попыт на рынку.

– Гэтай восенню будзем пашыраць пасевы азімага ячменю да 200 гектараў, – гаворыць Ілона Бурая. – Цяпер ужо не страшна. Ды і тое, што кіраўнік нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падчас нядаўняга наведвання Магілёўскай вобласці зрабіў акцэнт на неабходнасці паўсюднага вырошчвання гэтай культуры – добрая маральная падтрымка для нас.

Палетак азімага ячменю ў ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс” убралі двума камбайнамі за два дні. Зараз у гаспадарцы пачалі абмалот азімага рапсу.

 Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *