Сустрэчу, прымеркаваную да Года гістарычнай памяці, наладзілі чэрвеньскія бібліятэкары

Актуальное Год исторической памяти Культура

Яна адбылася ў Чэрвеньскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў і мела назву “Патрыятычная кніга: чытаць, памятаць, шанаваць”.

Загадчыца аддзела па рабоце з дзецьмі Алена Матвеева пачала яе са знаёмства з кніжнай выставай “Краіна мая Беларусь” і правяла агляд літаратуры па тэме.

Удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю слухалі расповед не толькі пра нашу родную прыроду – лясы, рэкі і азёры, але і пра людзей, якія зрабілі важкі ўнёсак у гісторыю Беларусі. Гэта Усяслаў Чарадзей, Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына і іншыя. Алена Уладзіміраўна ўзгадала таксама юных герояў Вялікай Айчыннай вайны: Марата Казея, Міколу Гойшыка, Зінаіду Партнову.

Усіх да глыбіні душы кранулі ўспаміны дванаццацігадовай ленінградскай дзяўчынкі Ані Грубінай, якая перажыла блакаду. Яны занатаваныя ў кнізе Святланы Алексіевіч “Апошнія сведкі”.

Эмацыянальна сустрэлі ўдзельнікі сустрэчы верш Канстанціна Сіманава “Жди меня”. Таксама яны з цікавасцю праслухалі і прагледзелі прэзентацыю “Іх імёнамі названы вуліцы Чэрвеня”, якую правяла загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Галіна Ніціеўская.

Прысутныя даведаліся, што адважнымі героямі, у гонар якіх названы вуліцы нашага горада, з’яўляюцца партызанкі-падпольшчыцы Марыя Матусевіч і Любоў Шамецька, камандзір цяжкога бамбардзіроўшчыка Мікалай Зяневіч, камандзір партызанскай брыгады “За Радзіму” Аляксей Флегантаў, Герой Савецкага Саюза Георгій Барыкін, Герой Савецкага Саюза Сцяпан Карнач.

На пытанне, ці трэба пісаць кнігі пра вайну і чытаць іх, удзельнікі мерапрыемства гучна адказалі: “Так!”

Напрыканцы ўсе з замілаваннем паглядзелі відэафільм “Земные ангелы”, які прадставіла спецыяліст па культурна-масавай рабоце дома-інтэрната Марына Сіняўская. На экране з’явіліся кадры з удзелам жыхароў гэтай установы: як працуюць, чым захапляюцца, як адпачываюць.

Гучнымі апладысментамі быў сустрэты і верш, прысвечаны роднаму інтэрнату, які душэўна прачытаў яго аўтар Валерый Гардзіенка.

Персанал і насельнікі інтэрната доўга не адпускалі арганізатараў мерапрыемства, імкнучыся распавесці пра сябе, задаць пытанні і правесці экскурсію па ўстанове.

Вельмі прыемна, што ўжо на наступны дзень Марына Сіняўская, завітаўшы да нас, узяла падборку кніг і часопісаў для ахвотных, у тым ліку – па ваеннай тэматыцы. Адметна, што яна рэгулярна на працягу двух апошніх гадоў  прыносіць сваім падапечным друкаваныя выданні з фонду цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Прыемна і тое, што ў конкурсе “Чытацкія рэкорды-2021”, які праходзіў у нашай установе культуры, Марына Сіняўская стала пераможцай у намінацыі “Добрая душа”.

Дзякуй за супрацоўніцтва!

Святлана ЖДАНОВІЧ, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *