Напрыканцы мінулага месяца футбалісты чэрвеньскага “Коласа” ўпершыню ў сваёй трыццаціпяцігадовай гісторыі ўзялі ўдзел у афіцыйных міжнародных спаборніцтвах. Малаверагоднае стала магчымым, дзякуючы перамозе нашай каманды ў Кубку рэгіёнаў Беларусі. Статус уладальніка гэтага ганаровага трафея адкрыў ёй шлях на еўрапейскую арэну.
Далі загад ім – у Шамахы
Стартаваць у Кубку рэгіёнаў УЕФА давялося з папярэдняга раўнда, бо па колькасці балаў, набраных беларускімі камандамі за апошнія тры розыгрышы, наша краіна апынулася ў пяцёрцы горшых, разам з Казахстанам, Эстоніяй, Грузіяй і Азербайджанам. Дарэчы, Беларусь сярод названых дзяржаў – першая ў рэйтынгу. Зусім крыху не хапіла, каб быць на радок вышэй і трапіць адразу ў прамежкавы раўнд.
Першапачаткова адборачны турнір планавалася правесці ў нашай краіне, аднак потым яго перанеслі ў Азербайджан. Туды пасля пяцідзённага збору ў Мар’інай Горцы і выправіўся “Колас” позна ўвечары 22 чэрвеня.
Чатыры гадзіны ў палёце, 120 кіламетраў на камфартабельным аўтобусе па дарогах з экзатычнымі горнымі пейзажамі – і вось мы ў горадзе Шамахы. Размясціліся ва ўтульных катэджах мясцовага Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі, падсілкаваліся – і ўвечары зладзілі першую трэніроўку на новым гарадскім стадыёне.
Пра стадыён, які ў лістападзе мінулага года адкрыў Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, варта сказаць асобна. Ён рэзка кантрастуе з някідкай архітэктурай невялікага старажытнага горада. Арэна на 2200 гледачоў мае штучнае пакрыццё найвышэйшай якасці. Гэта дазваляе праводзіць тут гульні міжнароднага ўзроўню, у прыватнасці – еўракубкавыя матчы першага і другога кваліфікацыйных раўндаў, а таксама сустрэчы юнацкіх і маладзёжных зборных. Вось бы Чэрвеню такі стадыён!
І самі з вусамі, і Бог дапамог
“Колас” (Чэрвень) – “Джабраіл” (Азербайджан) – 2:1
24 чэрвеня. Шамахы. Гарадскі стадыён. 29 градусаў. 1000 гледачоў.
“Колас”: Сяргей Сянюк, Аляксандр Паляшчук, Яўген Цэдрык, Мікалай Івашкін (Сяргей Цярэшка, 46), Раман Грынюк, Мікіта Радкевіч, Ілля Завадскі (Мікалай Гурыновіч, 46), Дзмітрый Чысты (Павел Клімовіч, 46), Міхаіл Караткевіч (Павел Сёмкін, 56), Дзяніс Сіманчык (Максім Гумінскі, 68), Сяргей Лізуноў.
Галы ў “Коласа”: Дзяніс Сіманчык (62), Аляксандр Паляшчук (74).
Перад паездкай у Азербайджан думалася, што спёка будзе ці не самым складаным выпрабаваннем для нашых футбалістаў. Насамрэч тыя ж плюс трыццаць і больш градусаў тут пераносяцца не так цяжка, як дома. Спрыяе вецер, які амаль заўсёды ёсць у гэтых шыротах. А падчас першага матчу “Коласа” з “Джабраілам” і на працягу яго сонца ўвогуле амаль увесь час хавалася за хмары.
Балельшчыкі запоўнілі стадыён прыкладна напалову. Але і гэтага хапала, каб стварыць мясцовай камандзе аглушальную падтрымку. Своеасаблівая падтрымка была і ў нашых: прывезеныя з сабой сцягі Беларусі, Мінскай вобласці і Чэрвеня, якія замацавалі над трыбунамі арэны.
Першы тайм сустрэчы пачаўся для “Коласа” – горш не прыдумаеш. Ужо на дзясятай хвіліне азербайджанцы адкрылі лік. А бліжэй да перапынку арбітр прызначыў у нашы вароты пенальці за парушэнне правілаў у штрафной пляцоўцы. Калі б “Джабраіл” яго рэалізаваў, адыгрывацца з 0:2 было б вельмі цяжка.
Але далей Бог нам дапамагаў. Пенальці азербайджанцы не забілі (мяч патрапіў у штангу), а праз хвіліну галкіпер “Джабраіла” згуляў рукой за межамі штрафной пляцоўкі і атрымаў чырвоную картку.
На другі тайм азербайджанскім футбалістам элементарна не хапіла фізічных сіл, тым больш, што гулялі яны ўдзесяцёх. Раз-пораз ігракам саперніка зводзіла сутаргай ногі – і яны падалі на газон. Нашы ж метадычна разгойдвалі абарону “Джабраіла” і свайго дамагліся. Спачатку Дзяніс Сіманчык з перадачы Сяргея Лізунова адкрыў лік, а неўзабаве Аляксандр Паляшчук забіў пераможны для “Коласа” мяч – 2:1.
Колер настрою – жоўты
“Джабраіл” (Азербайджан) – “Колас” (Чэрвень) – 2:6
26 чэрвеня. Шамахы. Гарадскі стадыён. 29 градусаў. 1000 гледачоў.
“Колас”: Сяргей Сянюк, Раман Грынюк, Яўген Цэдрык (Сяргей Цярэшка, 58), Мікалай Івашкін, Юрый Весялоў (Павел Клімовіч, 54), Ілля Завадскі, Мікалай Гурыновіч (Павел Сёмкін, 76), Дзяніс Сіманчык (Максім Гумінскі, 76), Мікіта Радкевіч (Мікалай Караткевіч, 54), Аляксандр Паляшчук, Сяргей Лізуноў.
Галы ў “Коласа”: Мікалай Гурыновіч (6), Сяргей Лізуноў (31, 61, 77 – з пенальці), Дзяніс Сіманчык (72), Міхаіл Караткевіч (86).
Пасля матчаў з удзелам “Коласа” на прылеглых да стадыёна вуліцах і ў бліжэйшых крамах пераважаў ярка-жоўты колер – колер маек і кепак нашай каманды. Мясцовыя жыхары, нягледзячы на тое, што азербайджанская каманда прайграла, ветліва ўсміхаліся ігракам, віншавалі іх з перамогай, прасілі разам сфатаграфавацца. Некаторыя нават да сябе ў госці запрашалі.
Што да другой гульні, то няхай не ўводзіць у зман канчатковы вынік: яна не стала для нашых лёгкай прагулкай. Гэтым разам “хуткі” мяч забіў “Колас”: на 6-й хвіліне з перадачы Аляксандра Палешчука вызначыўся Мікалай Гурыновіч. Але азербайджанскую каманду гэта не засмуціла. Праз чатыры хвіліны “Джабраіл” параўнаў лік, а за пятнаццаць хвілін да перапынку выйшаў наперад. Праўда, ужо ў наступнай атацы Сяргей Лізуноў з перадачы Мікіты Радкевіча аднавіў раўнавагу – 2:2.
І зноў, як і ў першым матчы, азербайджанцы “здзьмуліся” ў другой палове сустрэчы. А злым геніем для “Джабраіла” стаў Міхаіл Караткевіч, які выйшаў на замену. Ён асіставаў пры ўзяцці варот Сяргею Лізунову і Дзянісу Сіманчыку, зарабіў пенальці, які рэалізаваў Сяргей Лізуноў, а напрыканцы забіў сам, зрабіўшы лік 6:2 на карысць “Коласа”.
Патрэбен нам бераг турэцкі
“Каскелен” (Казахстан) – “Колас” (Чэрвень) – 0:5
29 чэрвеня. Шамахы. Гарадскі стадыён. 31 градус. 500 гледачоў.
“Колас”: Сяргей Сянюк, Раман Грынюк, Сяргей Цярэшка, Мікалай Івашкін, Юрый Весялоў (Максім Гумінскі, 69), Ілля Завадскі (Мікалай Гурыновіч, 69), Дзмітрый Чысты (Міхаіл Караткевіч, 46), Дзяніс Сіманчык (Павел Клімовіч, 26), Мікіта Радкевіч, Аляксандр Паляшчук (Павел Сёмкін, 62), Сяргей Лізуноў.
Галы ў “Коласа”: Сяргей Лізуноў (77, 93 – з пенальці. 90+2), Міхаіл Караткевіч (88, 89).
Пераканаўчая перамога нашай каманды над “Джабраілам” па суме двух матчаў (8:3) аўтаматычна забяспечыла ёй выхад у прамежкавы раўнд Кубка. Заставалася вызначыцца з групай, у якую патрапіць “Колас”. А вырашалася гэта ў фінальным матчы з мацнейшай камандай групы 1. Ёй стаў казахстанскі “Каскелен”, які апярэдзіў грузінскі “Басіяні” і эстонскі “Запоос”.
Тое, што паводле жараб’ёўкі пераможца фінальнага матчу трапляе ў трэцюю групу прамежкавага раўнду да каманд Турцыі (гаспадары турніру), Партугаліі і Фінляндыі, а прайграўшы – у першую групу да каманд Босніі і Герцагавіны (гаспадары турніру), Ізраіля і Шатландыі, давала глебу для роздуму. Відавочна, што трэцяя група выглядае больш моцнай, таму паўставала лагічнае пытанне: ці варта выйграваць?
А з іншага боку – як жа сумленне і гонар? Як жа прэстыж краіны, вобласці, раёна? Усе сумненні развеяў галоўны трэнер “Коласа” Юрый Пунтус. Вопытны спецыяліст, які адыграў велізарную ролю ў поспеху нашай каманды на міжнароднай арэне, знайшоў патрэбныя для футбалістаў словы. Яго маналог у раздзявалцы перад апошняй трэніроўкай быў такім пранікнёным, што нават слёзы на вочы наварочваліся. Гуляем толькі на перамогу! А як інакш?
Але перамога была потым. А на наступны дзень пасля другой гульні з “Джабраілам” “Колас” выправіўся на экскурсію ў Баку. З самымі адметнымі і прыгожымі мясцінамі сталіцы Азербайджана нас пазнаёміў прадстаўнік Федэрацыі футбола гэтай краіны Фарух Гусейнзадэ, які на перыяд турніру апекаваўся над чэрвеньскай камандай. Ён жа выканаў наша пажаданне пакупацца ў Каспійскім моры. Праўда, з-за моцнага ветру паплаваць не атрымалася, затое ўдосталь нагойдаліся на пеністых хвалях.
Гульня “Коласа” з “Каскеленам” атрымалася шмат у чым падобнай да першых дзвюх. З той розніцай, што казахстанцы, якія на шляху да фіналу паразгублялі ўсю сваю лаву запасных, акрамя другога галкіпера, пратрымаліся на роўных з нашымі даўжэй, чым азербайджанцы. Нулі на табло красаваліся ажно да 77-й хвіліны матча, калі вароты “Каскелена” распячатаў Сяргей Лізуноў з перадачы Паўла Клімовіча. Потым было выдаленне іграка казахстанскай каманды за гульню рукой у штрафной пляцоўцы і пенальці, які рэалізаваў Сяргей Лізуноў. Да фінальнага свістка мяч яшчэ тры разы пабываў у варотах нашых сапернікаў: двойчы вызначыўся Міхаіл Караткевіч, а Сяргей Лізуноў аформіў хет-трык – 5:0.
Трыумф “Коласа” ў Азербайджане – заслуга не толькі згуртаванай, моцнай духам каманды футбалістаў і галоўнага трэнера Юрыя Пунтуса, але і тых, чыя праца была не заўсёды прыкметнай, аднак патрэбнай і важнай. Гэта – прадстаўнікі трэнерскага штаба Аляксандр Мрынскі і Аляксандр Курыловіч, урач каманды Надзея Чыстая, спецыяліст Беларускай федэрацыі футбола Антон Зубаў і старшыня Федэрацыі футбола Мінскай вобласці Алег Чыкун.
Хуткі цягнік пад назвай “Колас”, адчапіўшы азербайджанскі і казахстанскі вагоны, імчыць далей. Гэтай восенню наступным прыпынкам будзе Турцыя.
Ігар АДАМОВІЧ.
Чэрвень – Шамахы (Азербайджан) – Чэрвень
Аўтар шчыра дзякуе выконваючаму абавязкі старшыні раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, капітану “Коласа” Дзмітрыю Чыстаму за атрыманую магчымасць разам з камандай наведаць Азербайджан.