Футбалісты чэрвеньскага “Коласа” паспяхова пераадолелі чвэрцьфінальны бар’ер Кубка Мінскай вобласці

Актуальное Спорт

На гэтым этапе спаборніцтваў яны двойчы згулялі з маладзечанскай “ДЮСШ-4”.

Пачынаў “Колас” у гасцях. Лік у сустрэчы на апошняй хвіліне першага тайма са штрафнога адкрыў Павел Сёмкін. Ён жа праз пяць хвілін пасля перапынку рэалізаваў пенальці за парушэнне супраць Аляксандра Палешчука.

Гаспадары пляцоўкі хутка адыгралі адзін мяч, але неўзабаве футбалісты “Коласа” злавілі іх на контратацы. Дзяніс Трапашка рэалізаваў выхад сам насам з галкіперам і зрабіў лік 3:1 на карысць чэрвеньцаў. Потым “ДЮСШ-4” двойчы забіла – 3:3. А на другой дададзенай да асноўнага часу гульні хвіліне Павел Сёмкін аформіў хет-трык і, такім чынам, прынёс перамогу “Коласу” – 4:3.

Матч у адказ адбыўся 27 ліпеня ў Чэрвені. У першым тайме каманды мячоў не забілі. Затое пасля перапынку нашы футбалісты вызначылі тройчы. Спачатку Сяргей Лізуноў перайграў галкіпера маладзечанцаў і адкрыў лік. Яшчэ два мячы (абодва – з пенальці) забілі Аляксандр Паляшчук і Павел Сёмкін – 3:0.

Такім чынам, “Колас” абыграў “ДЮСШ-4” па суме дзвюх сустрэч – 7:3 – і выйшаў у паўфінал спаборніцтваў. Паводле жараб’ёўкі, якая прайшла сёння, сапернікам будзе дзяржынскае “Адзінства”. Першы матч нашы футбалісты згуляюць на сваім полі 3 жніўня, другі – 10 жніўня ў Дзяржынску.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *