Чэрвеньскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў ладзіць маніторынг цэн

Актуальное Общество

Мэта – вызначыць іх даступнасць для людзей, а таксама выявіць магчымы неапраўданы рост.

Такім маніторынгам Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі займаецца ўжо пяты год. Праводзіцца ён па 89 пазіцыях.

– Раз на месяц я фіксую цэны ў двух магазінах, якія знаходзяцца ў цэнтры Чэрвеня – “Родны кут” і “Еўраопт-маркет”, –  гаворыць старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна. – Кожную пазіцыю ў некалькіх варыянтах запісваю ў табліцу спачатку на паперы, а потым заношу гэтую інфармацыю ў спецыяльна распрацаваную праграму, доступ да якой у раёне ёсць толькі ў мяне. Атрыманыя з усіх рэгіёнаў звесткі затым абагульняюць спецыялісты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Калі па пэўнай групе тавараў выяўляецца цэнавы перакос, яны сігналізуюць у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а пры неабходнасці – і ў Камітэт дзяржкантролю. Там ужо прымаюць меры.

Час ад часу прафсаюзы, акрамя штомесячнага, праводзяць яшчэ і экспрэс-маніторынг. Такім відам грамадскага кантролю Вольга Коціна займалася якраз на мінулым тыдні. Наведваючы разам “Родны кут” і “Еўраопт-маркет”, мы звярталі асаблівую ўвагу на плодаагароднінную прадукцыю: аналітыка паказвае, што падчас у магазінах не хапае агародніны айчынных вытворцаў.

У “Родным куце” пабачылі, што морква, буракі, бульба – выключна беларускія, а ў “Еўраопце” гэты тавар, наадварот, толькі замежны.

– Як бачым, наша агародніна па большасці пазіцый крыху таннейшая, і пры гэтым візуальна лепшай якасці, – каментуе Вольга Коціна. – Так што ў пакупніка ёсць выбар.  А ўвогуле, рэзкіх скачкоў цэн на ўсе групы тавараў у нашых магазінах не назіраецца. І, зноў жа, можна выбіраць неабходныя прадукты харчавання па цане, зыходзячы са сваімх фінансавых магчымасцяў.

Знаходзячыся ў магазінах, мы не маглі не закрануць актуальную тэму цукру, які сёння не залежваецца на паліцах магазінаў. Вось і ў названых  крамах мы яго ў продажы не пабачылі.

– У ліпені заўсёды так, – тлумачыць загадчыца “Роднага кута” Ірына Неўміржыцкая. – Людзі робяць нарыхтоўкі на зіму, таму на цукар – павышаны попыт. Учора прывезлі 200 кілаграмаў, дык за гадзіну ўсё разабралі. Пры гэтым цана на цукар не павялічваецца.

Гэту тэндэнцыю пацвер-дзіла нам і супрацоўніца “Еўраопту” Надзея Канапелька. Сюды напярэдадні завезлі 800 кілаграмаў цукру і ў той жа дзень на паліцах яго не засталося.

Дарэчы, літаральна напрыканцы мінулага тыдня прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў журналістам, што цукру ў краіне дастаткова. “Кожны год адбываецца разгон нейкіх чутак. Назіраецца ажыятаж, скупляюць цукар, а потым не ведаюць, куды яго падзець. Зараз зноў на пустым месцы ўзнікла паніка… Цяпер у нас 98 тысяч тон знаходзіцца на складах. І гэтага запасу дастаткова да новага ўраджаю, – цытуе кіраўніка беларускага ўрада БЕЛТА. – Што тычыцца кошту, то ён не быў павышаны ні ў пачатку тыдня, ні ў канцы тыдня і не будзе павышаны ні сёння, ні заўтра, ні ў бліжэйшы час”.

                  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *