Ад бацькі – да сына: шаснаццацігадовы камбайн “Дон-1500Б” дагэтуль працуе на Чэрвеньшчыне

Аграрный сектор Актуальное

Пятнаццаць сезонаў адшчыраваў на сваім “Доне-1500Б” камбайнер сельскагаспадарчага вытворчага філіялу “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” Юрый Жарабцоў.

За гэты час неаднойчы перамагаў у раённым спаборніцтве на жніве, быў прызёрам і ў вобласці. Мінулы год – не выключэнне: намалаціў 1832 тоны збожжа – больш за ўсіх на Чэрвеньшчыне.

На працягу пяці сезонаў памочнікам на камбайне ў бацькі быў сын Андрэй. Нягледзячы на маладосць, ён паспеў адвучыцца на тэхніка-механіка ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы, тры гады адслужыць у войску (з іх два – па кантракце) і займець уласную справу.

Аднак у жніўную пару Жарабцоў-малодшы заўсёды вяртаецца ў гаспадарку. Летась адвозіў збожжа ад камбайнаў на “МАЗе”, а сёлета ўпершыню будзе працаваць на іх з бацькам “Доне” самастойна.

– Аддаю штурвал нашага карміцеля ў надзейныя рукі з упэўненасцю, што сын не падвядзе, – кажа Юрый. – А сам прымаю двухгадовы “КЗС-1624”.

Жарабцоў-старэйшы распавёў, што ён быў першым і адзіным гаспадаром “Дона-1500Б”. Камбайн па тэхнічных нарматывах трэба было спісваць ужо 5-6 гадоў таму. Але ярка-зялёны карабель хлебнай нівы працягвае працаваць ў полі, як гадзіннік. Хіба што рухавік летась давялося замяніць.

– У мяне часта пытаюцца: у чым сакрэт, – усміхаецца Юрый Жарабцоў. – А тут ніякага сакрэту няма: дбайны догляд і своечасовае тэхнічнае абслугоўванне. Ну і тое, што камбайн увесь час у адных руках – таксама яму на карысць.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *