ААТ «Раванічы» Чэрвеньскага раёна: жніво — справа сямейная

Аграрный сектор Актуальное

У ААТ “Раванічы” працуюць на жніве бацька і сын Дзяніс і Данііл Гуськовы. Некалькі сезонаў выходзілі ў поле разам на адным камбайне. Сёлета – кожны на сваім.

– Я прыехаў з сям’ёй у Раванічы з Казахстана пятнаццацігадовым падлеткам, – распавядае Гуськоў-старэйшы. – Мой тата некалі выправіўся туды на асваенне цалінных зямель. Шмат гадоў працаваў камбайнерам. Так што расціць хлеб – у мяне, напэўна, у крыві. Хаця першая спецыяльнасць іншая – газаэлектразваршчык. А працаваць пачынаў увогуле на мясцовым спіртзаводзе. Але потым вывучыўся на механізатара. За штурвалам камбайна – ужо адзінаццаты сезон.

Гуськоў-малодшы пасля заканчэння Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа працуе ў “Раванічах” механікам. Але ўжо другі год на час жніва перасядае на камбайн.

– Быў у бацькі памочнікам, калі яшчэ ў школе вучыўся, – кажа Данііл. – Потым прыязджаў на жніво падчас канікулаў у каледжы. Пакуль быў другім у экіпажы, вывучыў камбайн да драбніц. Так што самастойна працаваць няцяжка. Абодва камбайны, бацькаў і мой, рыхтавалі да выхаду ў поле разам, дапамагаючы адзін аднаму. Амаль месяц давялося завіхацца: тэхніка быццам бы і не старая яшчэ, але трэба было, напрыклад, перагледзець усе падшыпнікі, сальнікі і пры неабходнасці замяніць…

Затое зараз камбайны Гуськовых працуюць на ўборцы зерневых надзейна, без прастояў па тэхнічных прычынах. Шмат у чым дзякуючы гэтаму Дзяніс – лідар унутрыгаспадарчага спаборніцтва на жніве па намалоту збожжа. Зусім не нашмат адстае ад яго Данііл.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *