Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу ўчарашняга дня, сельгаспрадпрыемствы раёна скасілі травы першага ўкосу на 4202 гектарах, што складае 31,6 працэнта ад плана. З іх назапасілі 15722 тоны сенажу – 13,1 працэнта ад неабходнай колькасці.

Сярод лідараў корманарыхтоўкі ў раёне – адкрытае акцыянернае таварыства “Раванічы”. У панядзелак тут закрылі першую сянажную траншэю. На ўчора забяспечанасць травяністымі кармамі на ўмоўную галаву жывёлы складала тут 2,40 цэнтнера кармавой адзінкі. Гэта амаль удвая больш, чым было на такі ж час летась.

– Касавіцу мы пачалі з уборкі траў на палетках непадалёк ад вёскі Красны Дар, – распавёў аграном ААТ “Раванічы” Алег Церашчук. – Як і належыць па тэхналагічнаму рэгламенту, траншэю аб’ёмам 2200 тон побач з мясцовай фермай, закрылі за тры з паловай дні. На нарыхтоўцы кармоў задзейнічаны дзве касілкі, два кормаўборачныя камбайны, 5-7 машын і трактароў, а таксама пагрузчык, які кругласутачна трамбуе зялёную масу.

Другую сянажную траншэю аб’ёмам да тысячы тон у гаспадарцы будуць закладваць ля вёскі Гайдукова Слабодка. Таксама бліжэйшым часам тут плануюць пачаць нарыхтоўваць сена і сянаж па рулоннай тэхналогіі ў палімерную ўпакоўку.

Як распавяла старшыня прафкама ААТ “Раванічы” Тамара Цітавец, напярэдадні касавіцы з механізатарамі правялі сход, на якім вызначылі ўмовы аплаты працы і ўмовы ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў па відах работ. Пры ўваходзе на машынны двор лунае сцяг у гонар перадавікоў. Раніцай у панядзелак на шыльдзе пад ім былі прозвішчы Дзяніса Гуськова, Валерыя Гурыновіча і Юрыя Мазайскага. Усе ўдзельнікі корманарыхтоўкі забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, семдзесят працэнтаў кошту якога аплачвае гаспадарка.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара