Футбол: чэрвеньскі “Колас” разграміў у гасцях “Беразіно”

Актуальное Спорт

У гісторыі гульняў з нашымі геаграфічнымі суседзямі здаралася ўсякае. Былі сезоны, калі “Беразіно”, саступаючы іншым камандам, сур’ёзна настройвалася менавіта на “Колас” і давала яму сапраўдны бой. Але сёлета ў бярэзінцаў – адчувальныя праблемы з саставам. Таму бою ў матчы чацвёртага тура чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі не атрымалася. Гульня ішла ў адны вароты, і, падобна, галоўнай задачай для гаспадароў поля было прапусціць як мага менш.

Але першы мяч уляцеў у вароты “Беразіно” ўжо на пятай хвіліне гульні: прастрэл Уладзіслава Рубіна з левага флангу галавой замкнуў Павел Сёмкін. Да перапынку “Колас” забіў яшчэ двойчы: вызначыліся Мікалай Гурыновіч і Дзмітрый Чысты.

Камфортны лік першага тайма – 3:0 – даў магчымасць трэнерскаму штабу чэрвеньцаў пасля перапынку паступова зрабіць сем замен. Сярод тых, хто застаўся на полі са стартавага саставу, актыўнасцю вызначаўся капітан “Коласа” Дзмітрый Чысты. Менавіта з яго перадач забілі трэці і чацвёрты мячы Ягор Мурашка і Сяргей Лізуноў.

Удала выйшлі на замену Аляксандр Грынь і Дзяніс Трапашка. Першы не толькі двойчы асісціраваў другому пры ўзяцці варот, але і сам аднойчы прымусіў галкіпера “Беразіно” вымаць мяч з сеткі.

Нягледзячы на буйную перамогу “Коласа”, выезд у Беразіно пакінуў неадназначныя пачуцці. Найперш таму, што гаспадары поля давалі нашмат больш шанцаў забіць, чым было выкарыстана. Ды і ўвогуле, у матчы з відавочна слабейшым сапернікам цяжка вызначыць сапраўдную сілу пераможцы.

З іншага боку, ёсць падставы спадзявацца, што гульня, якая фактычна прайшла для нашых футбалістаў у рэжыме трэніроўкі, дадала ім упэўненасці перад сустрэчай пятага тура чэмпіянату з мар’інагорскай “Вікторыяй”, якую “Колас” правядзе на сваім полі 19 ліпеня. Пачатак – у 18 гадзін

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *