Чэрвеньскія лесаводы ліквідуюць наступствы ўрагану

Актуальное Общество

Ураган, які абрынуўся на Беларусь у другой дэкадзе мая, нарабіў бяды ў лясным фондзе краіны. Не абмінула стыхія і наш раён. І хаця маштабы буралому тут нашмат меншыя, чым пасля ўдару стыхіі шасцігадовай даўніны, клопатаў у лесаводаў хапае.

Машыніст харвестара Вадзім Шуша (злева) і ляснічы Грабёнскага лясніцтва Іван Бухал на бураломнай лесасецы. 

Як паведамілі “Раённаму весніку” ў Чэрвеньскім лясгасе, моцны вецер знішчыў лясныя насаджэнні на 42 гектарах. Папярэдне ацэнены аб’ём драўніны на гэтай плошчы – каля 4000 кубічных метраў.

Грабёнскае лясніцтва было самым пацярпелым на Чэрвеньшчыне падчас буралому 2016 года. Больш за іншых дасталася яму і зараз.

– 12 мая стыхія пашкодзіла ў нас больш за 8 гектараў лесу ў трох кварталах, – распавёў ляснічы Іван Бухал. – Адвод лесасек зрабілі не марудзячы. Леснікі працавалі нават у нядзелю. А ўжо ў сераду на распрацоўку бураломаў прыехаў з лясгаса машыніст Вадзім Шуша на харвестары. Яшчэ адзін харвестар камандзіравалі да нас з Грабянецкага доследнага лясніцтва.

Акрамя таго, паводле рашэння кіраўніцтва лясгаса, для аператыўнасці распрацоўкі ветравальна-бураломных лесасек мы скарысталі паслугі шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай тэхнікі індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Верашчакі з Пухавіцкага раёна. Дзякуючы гэтаму, таксама ўдалося выканаць пастаўленую галіновым міністэрствам задачу: цалкам выключыць ручную працу пры скразных санітарных высечках, каб звесці да нуля рызыку траўміравання, калі лесарубы і вальшчыкі знаходзяцца ў бураломных зонах. 

Паводле папярэдніх падлікаў, агульны аб’ём драўніны на пашкоджаных участках складае ў Грабёнскім лясніцтве амаль 2800 кубічных метраў. На пачатак мінулага тыдня тут ужо распрацавалі 80 працэнтаў ветравальна-бураломных лесасек, вывезлі і рэалізавалі больш за 500 кубічных метраў драўніны. 

Найбольш пацярпеў лес у квартале 62 Грабёнскага лясніцтва.

– Праблем з рэалізацыяй няма, – кажа Іван Бухал. – Працуем па дагаворах з дрэваапрацоўчым прадпрыемствам “КімаБел”, што ў Віцебскай вобласці, а таксама выстаўляем сваю драўніну на Беларускую ўніверсальную таварную біржу. З-за дажджлівага надвор’я складана было вывозіць лес з лесасек, але зараз глеба падсыхае, сітуацыя выпраўляецца.

Паводле слоў Івана Бухала, цалкам завяршыць распрацоўку ветравальна-бураломных лесасек, якія падлягаюць скразным санітарным высечкам, і вывезці ўсю драўніну ў лясніцтве разлічваюць бліжэйшым часам. Затым надыдзе чарга пашкоджаных участкаў лесу, дзе высечкі будуць рабіцца выбарачна. Паралельна лесаводы зоймуцца ачысткай распрацаваных пасля буралому лесасек. Голле дрэў і іншыя рэшткі складуць у валы і пакінуць перагніваць. Увосень тут падрыхтуюць глебу, а наступнай вясной пасадзяць новы лес. 

Шматаперацыйная тэхніка і 11 работнікаў Чэрвеньскага лясгаса дапамагаюць гэтымі днямі распрацоўваць бураломы ў Мсціслаўскім і Быхаўскім раёнах Магілёўшчыны, лясы якой найбольш у рэспубліцы пацярпелі ад стыхіі. Як распавяла намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец, камандзіраваных пасялілі ў гасцініцы і забяспечылі гарачым харчаваннем.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *