Бяспека ля вады: на Чэрвеньшчыне працягваюцца прафілактычныя рэйды

Актуальное Безопасность Общество

Карэспандэнт “Раённага весніка” разам з намеснікам начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксеем Батурам, намеснікам начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Чэрвеньскага РАУС Русланам Пракаповічам, супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі Генадзем Рунцо і Ягорам Ваяводзіным выправіўся ў рэйд па вадаёмах.

 

Паводле рашэння райвыканкама, у раёне на сёння ёсць толькі два месцы, дзе дазволена купацца – пляжныя зоны Натальеўскага возера і ракі Волма паблізу аднайменнага санаторыя. На ўсіх астатніх водных аб’ектах купанне – пад забаронай.

– Некаторыя кіраўнікі нашы прадпісанні не выконваюць. Напрыклад, у красавіку мы даводзілі кіраўніцтву КСУП “Валевачы” патрабаванне неадкладна ўстанавіць таблічку “Купанне забаронена!”, а таксама прыбраць самаробны масток для скачкоў у ваду і кабінку для пераапранання на сажалцы ў вёсцы Чарнаградзь. Як бачыце, і па сённяшні дзень гэтае патрабаванне не выканана.

Падчас рэйду не знайшлі мы інфармацыі аб забароне купання на сажалках у Ялчы і Грабёнцы, на рацэ Уша ў Рудні і ля Уборак.

Апошні з названых водных аб’ектаў багаты на месцы стыхійнага адпачынку. У адным з іх Аляксей Батура правёў прафілактычную гутарку з мужчынам, які прыехаў да ракі на веласіпедзе з дачкой. Да нашай сустрэчы ён яшчэ раздумваў, купацца ці не. А пасля таго, як пачуў пра трагедыю у Велікаполлі, цвёрда вырашыў, што не варта рызыкаваць. У яшчэ адным забароненым для купання месцы, ля шлюза непадалёк ад вёскі Уборкі, Руслан Пракаповіч склаў пратакол на жыхара Жодзіна, які знаходзіўся ў вадзе. На першы раз усё абышлося папярэджаннем.

Напрыканцы рэйда мы завіталі на Натальеўскае возера. Нешматлікія аматары купання, як і належыць, знаходзіліся на пляжы пад наглядам работнікаў станцыі ратавання. Тут жа праводзілі маніторынг адказныя супрацоўнікі міліцыі. З хвіліны на хвіліну чакалі добраахвотных дружыннікаў.

– Калі ўсё пад кантролем – спакайней і тым, хто адпачывае, і тым хто адказны за іх бяспеку, – адзначыў Аляксей Батура. 

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *