У Чэрвеньскай райплемстанцыі вызначылі лепшых аператараў па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы

Аграрный сектор Актуальное

У конкурсе-атэстацыі ўдзельнічаў 21 прадстаўнік гаспадарак раёна.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня камісіі конкурсу, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Максім Шынкевіч падкрэсліў, што ўзнаўленне статку – складаная і карпатлівая праца, вынік якой залежыць ад мноства фактараў, пачынаючы з кармлення і лячэння – да асемянення жывёлы і атрымання прыплоду. І кожны з канкурсантаў – прафесіянал сваёй справы.

Падчас спаборніцтваў ацэньваліся знешні выгляд удзельніка і вядзенне ім неабходнай дакументацыі, тэарэтычныя веды (кожны тэхнік-асемянатар адказваў на два пытанні экзаменацыйнага білета). Акрамя таго, канкурсанты размарожвалі сперму і ацэньвалі яе якасць пад мікраскопам, паказвалі, як правільна асемяняць буйную рагатую жывёлу. Таксама налічваліся балы за выхад цялят на сто кароў і цялушак, які быў атрыманы тэхнікам-асемянатарам па выніках мінулага года.

Першае месца ў конкурсе заняла Людміла Запрудская з ААТ “Смалявічы-Сузон”, другое – Людміла Пяхота з эксперыментальнай базы «Натальеўск», трэцяе — Наталля Каваленка з філіяла “СГК “Велікаполле” КУП “Мінсктранс”. Яны ўзнагароджаны Граматамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама і грашовымі прэміямі.

Падарункі ад рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі канкурсанты Яніна Глухенька і Алена Учаева з эксперыментальнай базы “Натальеўск”, Любоў Кліменка з ААТ “Запольскае”, Тамара Пачасуй з КСУП “Валевачы”, Вольга Свірыд з ААТ “10 з’езд Саветаў” і Аляксандр Мікульчык з ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс”. Іх уручыла старшыня Чэрвеньскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Пашкевіч.

Дырэктар Чэрвеньскага філіяла РУСП “Мінскае племпрадпрыемства” Святлана Лысая адзначыла падзякамі і падарункамі аператараў па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы Вольгу Свірыд і Аксану Лісіцу з ААТ “10 з’езд Саветаў”, Аляксандра Мікульчыка і Любоў Сокаву з ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс”, Святлану Шлыкевіч з СВФ “Новыя Зелянькі” ААТ “Мінскі малочны завод №1” і Мікалая Зыля з філіяла “Аграбокс-Заатэх” СП “Унібокс”.

Члены конкурснай камісіі галоўны заатэхнік племяннога аддзела РУСП “Мінскае племпрадпрыемства” Алена Гумінская і галоўны ветэрынарны ўрач Чэрвеньскага раёна Віктар Ляснеўскі засталіся задаволенымі тым, як прайшло выпрабаванне.  

– Усе тэхнікі па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы паспяхова прайшлі атэстацыю, прадэманстраваўшы добрыя веды, сур’ёзны падыход да справы і ўменне думаць, – адзначыў Віктар Ляснеўскі.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *