На Чэрвеньшчыне павіншавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны

Актуальное Год исторической памяти Общество

Напярэдадні свята Вялікай Перамогі дэлегацыя, у якую ўвайшлі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікі ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў, раённых аддзелаў Следчага камітэта, унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, грамадскіх арганізацый, наведала ветэранаў  Вялікай Айчыннай вайны – Мікалая Фёдаравіча Козырава і Мікалая Аляксандравіча Лашука з Чэрвеня, а таксама Пятра Васільевіча Вараб’я з вёскі Калодзежы.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталь Казлоў, уручаючы віншавальныя паштоўкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, падарункі і кветкі ад райвыканкама, падзякаваў ветэранам за мужнасць і адвагу падчас вайны, вялікую працу па ўзнаўленню разбуранай народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд, за выхаванне патрыятызму ў маладога пакалення на ўласным прыкладзе.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Змачынская перадала ветэранам паштоўкі, якія ўласнымі рукамі адмыслова вырабілі для іх выхаванцы Цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі Чэрвеня і Смілавічаў, а дырэктар Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова – прадуктовыя наборы ад сеткі супермаркетаў “Еўраопт”.

Кветкамі і цёплымі словамі прывіталі ветэранаў ваенны камісар Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Дзмітрый Сініцкі, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Віталь Бусел, начальнік Чэрвеньскага РАУС Алег Коршак, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Кулага, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Каленік, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Калтовіч, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Марына Патапенка, прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна ўручыла Пятру Васільевічу Вараб’ю прафсаюзны “Знак Пашаны”, а старшыня Калодзежскага сельвыканкама Людміла Пасудзеўская і спецыяліст па ідэалагічнай рабоце эксперыментальнай базы “Натальеўск” Таццяна Пашкова – кветкі і падарункі.

Нягледзячы на шаноўны ўзрост, ветэраны трымаліся бадзёра. Расчуленыя ўвагай, яны дзякавалі за віншаванні і падарункі, зычылі ўсім шчаслівага жыцця, мірнага неба над галавою і з задавальненнем падпявалі трыа з раённага Цэнтра культуры і адпачынку ў складзе Мікалая Крывеля, Андрэя Хурсевіча і Івана Смаленскага, якое выканала для іх легендарны “Дзень Перамогі” і іншыя песні ваенных гадоў.

Таксама сёння прадстаўнікі райвыканкама ўшанавалі жыхароў раёна, якія пацярпелі ад наступстваў Вялікай Айчыннай вайны.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *