Град мячоў і шквал эмоцый: чэрвеньскі “Колас” стартаваў у чэмпіянаце Беларусі па футболу

Актуальное Спорт

Першы матч чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі, які “Колас” правёў на сваім полі з камандай “Крупкі-ДРБУ-164”, стаў сапраўдным святам футбола ў Чэрвені. А для амаль 250 балельшчыкаў, якія назіралі за гульнёй з трыбун, ён быў яшчэ і захапляльным відовішчам.

Новае табло на стадыёне, новая жоўта-чорная форма гаспадароў поля ад Чэрвеньскага лясгаса, прыезд здымачнай групы Белтэлерадыёкампаніі, вясёлы маскот Пчала, які заводзіў публіку, гульня з заўзятарамі ў перапынку сустрэчы, прамая відэатрансляцыя з каментатарам, у ролі якога дэбютаваў галкіпер і трэнер “Коласа” Аляксандр Курыловіч – гэтыя цікавосткі зрабілі матч адметным і запамінальным.

Перад стартавым свістком футбалістаў прывіталі ганаровыя госці – намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Лідзія Шчацінка і старшыня федэрацыі футбола Мінскай вобласці Алег Чыкун. Не прайшло і пяці хвілін ад пачатку гульні, як на стадыён абрынуўся лівень. І пад яго акампанемент каманды распачалі галявую феерыю.   

Лік у сустрэчы пасля падачы штрафнога адкрылі госці, а ўжо праз хвіліну наш Сяргей Лізуноў прыгожым ударам праз сябе аднавіў раўнавагу – 1:1. Ён жа неўзабаве зрабіў дакладную перадачу Ягору Мурашку, які скіраваў мяч у сетку варот “Крупак” – 2:1.

Аднак нашы сапернікі здолелі не толькі адыграцца, але і выйсці наперад. Спачатку яны правялі выніковую контратаку, пры якой схібілі цэнтральныя абаронцы “Коласа”, а потым вызначыліся пасля розыгрышу вуглавога.

Дождж да гэтага часу ўжо супыніўся, але поле і мяч засталіся слізкімі. Гэтую акалічнасць і скарыстаў Сяргей Лізуноў. Галкіпер “Крупак” не справіўся з яго дальнім ударам, і лік стаў 3:3. Аднак гэтыя лічбы на табло пратрымаліся ўсяго хвіліну. Чарговая контратака гасцей скончылася чацвёртым узяццем варот нашага маладога галкіпера Яўгена Юрчанкі.

Праўда, пад заслону першай паловы сустрэчы “Колас” зноў параўнаў лік. З пенальці за парушэнне правілаў у штрафной пляцоўцы супраць Ягора Мурашкі хет-трык аформіў Сяргей Лізуноў – 4:4.

У перапынку балельшчыкам прапанавалі паўдзельнічаць у гульні “Кіданне буца Дзяніса Трапашкі на дальнасць”. Гэта быў той самы буц, у якім вядомы выхаванец чэрвеньскага футбола, а з гэтага сезона – ігрок “Коласа” забіў вырашальны пенальці ў фінале Кубка Беларусі, калі гуляў за жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ”. Пераможцам спаборніцтва стаў Уладзімір Тарнапольскі, які, дарэчы, у маладосці таксама абараняў колеры чэрвеньскай каманды. Ён атрымаў у якасці прыза казан ад інтэрнэт-магазіна vsekazani.by.

Тым часам у раздзявалцы “Коласа” ішла сур’ёзная размова па выніках першага тайма, бо аднаму з лідараў футбола Міншчыны прапусціць за 45 хвілін чатыры мячы ад “Крупак” – не да твару.

Відавочна, што высновы ў перапынку нашы зрабілі. Бо ў другім тайме вароты Яўгена Юрчанкі засталіся ў недатыкальнасці. Затое “Крупкі” былі вымушаныя пачынаць з цэнтра поля яшчэ чатыры разы.  Ужо ў пачатку другой паловы сустрэчы пасля розыгрышу вуглавога з перадачы Дзмітрыя Чыстага забіў Аляксандр Качаргін.

Потым пенальці за знос Георгія Кудраўцава рэалізаваў Аляксандр Мрынскі.

Акрамя таго, у чацвёрты раз за гульню вызначыўся Сяргей Лізуноў, а незадоўга да фінальнага свістка абаронца чэрвеньцаў Уладзіслаў Рубін усталяваў канчатковы лік на табло – 8:4.

21 мая “Колас” згуляе ў гасцях другі матч чэмпіянату з камандай “Жодзіна-Паўднёвае”.   

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *