Добраўпарадкаванне на Чэрвеньшчыне: вуліца Спартыўная ў аграгарадку Любішына мяняе аблічча

Актуальное Благоустройство

Працяглы час шматкватэрныя дамы на Спартыўнай у Любішына і іх тэрыторыі мелі, мякка кажучы, непрывабны выгляд. З мінулага года сітуацыя пачала мяняцца да лепшага: першым капітальна адрамантавалі дом №10. Сёлета заасфальтавалі тэрыторыі двароў ля дамоў №6 і 8, а таксама прыступілі да капітальнага рамонту дома №12 і бягучага рамонту дома №6.

Як распавёў майстар генпадраднай арганізацыі ТАА “АльпБудГрад” Дзяніс Маладцоў, у доме №12 за няпоўныя два месяцы адрамантавалі дах, швы на сценах, пафарбавалі фасад, замянілі цеплавузел, сцёкавыя трубы каналізацыі, водаадводную сістэму. І гэта не поўны пералік работ. Літаральна днямі завяршылася ўстаноўка ўваходных дзвярэй пад’ездаў.

На чарзе – рамонт казыркоў над пад’ездамі, замена каналізацыйных і водаправодных калодзежаў, устаноўка бардзюраў і асфальтаванне тэрыторыі.

Падчас гутаркі з жыхарамі дома №12 давялося пачуць ад іх нараканні на якасць работ і на ваду ў падвале.

Па каментарый мы звярнуліся да першага намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Гадуна. Вось, што адзначыў:

– Праект капітальнага рамонту дома №12 па вуліцы Спартыўнай быў выраблены летась. Ён прайшоў дзяржаўную будаўнічую экспертызу. Заказчык аб’екта – Чэрвеньская жыллёва-камунальная гаспадарка. Работы, прадугледжаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй, выконваюцца ў поўным аб’ёме. Іх якасць правяраюць спецыялісты Упраўлення капітальнага будаўніцтва Чэрвеньскага раёна, а таксама Дэпартаменту кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Мінскай вобласці. Што тычыцца праблемы вады ў падвалах, то яна будзе вырашана.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *