У мінулы чацвер механізатар Андрэй Грыбко вывеў свой трактар “МТЗ-1221” з сеялкай “СПУ-6” на палетак паміж вёскамі Лучча і Язоўкі.
– У гэты дзень пасеялі 20 гектараў ячменю, у пятніцу – яшчэ 33, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Яўген Каско. – Збіраліся працаваць і ў выхадныя, але ў суботу пайшоў снег, потым падмарозіла. Зноўку выйсці ў поле, ужо двума сеялкамі, атрымалася толькі з паўдня ў панядзелак…
Нягледзячы на не дужа спрыяльнае надвор’е, у мясцовых земляробаў няма часу на раскачку, бо сеяць трэба шмат: сёлета філіялу перадалі ўгоддзі вакол вёсак Вялікая Ганута, Малая Ганута, Восава, якія да нядаўняга часу належалі ААТ “Раванічы”. А гэта – ладны кавалак.
– Дадалося 700 гектараў, з іх 500 – ворныя землі, – кажа Яўген Каско. – Такім чынам, калі раней мы планавалі сеяць увесну 450 гектараў зерневых, то з улікам гануцкіх палеткаў – 670. Таксама для патрэб дзяржавы будзем вырошчваць 66 гектараў грэчкі. 90 гектараў зоймуць аднагадовыя на зерне, з 500 да 650 гектараў пашыраем пасевы кукурузы. Так што ўвесь яравы клін атрымаецца амаль паўтары тысячы гектараў.

Паводле слоў Яўгена Каско, тэхнічных магутнасцяў, каб апрацоўваць дадатковыя пасяўныя плошчы, у гаспадаркі дастаткова, а плюсаў ад узбуйнення больш, чым мінусаў.
– Гануцкія землі па ўрадлівасці – адны з лепшых у раёне, – тлумачыць ён. – Прынамсі, нашмат лепшыя, чым у нас тут. Калі іх давесці да ладу, там будуць добрыя ўраджаі не толькі зерневых, але і рапсу, кукурузы на зерне – тых культур, якія можна выгадна прадаць. Таксама “новыя” землі дапамогуць вырашыць праблему севазвароту. Мы штогод пашыраем плошчы пад вырошчванне рапсу, а яго можна вяртаць на тое ж самае поле толькі праз тры-чатыры гады, таму дадатковыя палеткі – дарэчы.

Гаворачы пра стратэгію сёлетняй сяўбы, Яўген Каско адзначыў, што першачарговая задача – пасеяць зерневыя на ўзараных з восені палетках. На падрыхтоўцы глебы зараз задзейнічаны два культыватары, якія без праблем забяспечваюць запас для сяўбы. Камбінаваныя пасяўныя агрэгаты, а іх у гаспадарцы два, вырашылі не выкарыстоўваць, бо няхітрыя падлікі паказалі: працаваць сеялкамі “СПУ” больш эканомна.
– Наш шыроказахватны культыватар “КШП-10” пры нармальным заглыбленні апрацоўвае глебу не горш за “АКШ”, – даводзіць галоўны аграном. – Пры гэтым ён за змену спальвае 500 літраў саляркі. Калі пасля яго пусціць камбінаваны пасяўны агрэгат “АПП-6Д”, то гэта яшчэ 400 літраў. А калі пусціць сеялку “СПУ-6”, то гэта пры аднолькавым аб’ёме сяўбы ўсяго 100 літраў паліва…
Яравая сяўба ў гаспадарцы толькі пачынаецца, а падкормка азімых культур азотнымі ўгнаеннямі завяршаецца. На зерневых гэты від работ ужо выканалі ў поўным аб’ёме, да канца тыдня плануюць падкарміць і ўвесь рапс.
Ігар АДАМОВІЧ