У Раванічах абмеркавалі праблему газіфікацыі аграгарадка

Актуальное Общество

Газіфікацыя аграгарадка “Раванічы” – даўняя праблема, якую спрабуюць вырашыць мясцовыя жыхары. Яшчэ ў 2018 годзе яны стварылі адпаведны кааператыў, у які першапачаткова ўвайшлі 120 чалавек, і за ўласныя грошы вырабілі праектна-каштарысную дакументацыю.

Пры атрыманні тэхнічных умоў на газіфікацыю кааператыў пагадзіўся, што магістральны газаправод да аграгарадка працягласцю 22,7 кіламетра давядзецца пракладаць таксама за свае сродкі. Невядома, які быў першапачатковы разлік, але выдаткі на тое, каб працягнуць трубы ад Дамавіцка, аказаліся для людзей непад’ёмнымі – больш за 2 мільёны рублёў.

Таму яны пачалі прасіць мясцовыя ўлады паспрыяць уключэнню Раванічаў у дзяржаўную праграму па газіфікацыі.

Ірына Бруцкая і Андрэй Ільмоўскі.

У чарговы раз гэтае пытанне закранулі на сустрэчы з першым намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Гадуном, якая адбылася ў Раваніцкім сельвыканкаме, члены газавага кааператыву Андрэй Ільмоўскі і Ірына Бруцкая.

Аляксандр Гадун.

Як растлумачыў Аляксандр Гадун, уключэнне або неўключэнне таго ці іншага населенага пункта ў дзяржаўную праграму не ўваходзіць у кампетэнцыю райвыканкама, паколькі газіфікацыя фінансуецца не з раённага бюджэту. Адначасова ён адзначыў, што праблема палягае, па-першае, у тым, што кааператыў абавязаўся пракладаць магістральны газаправод за свае сродкі. Па-другое, адлегласць 22,7 кіламетра – вельмі значная, і, відавочна, прыярытэт пры дзяржаўным фінансаванні будаўніцтва газавых аб’ектаў аддаецца населеным пунктам, дзе таксама жыве шмат людзей, але цягнуць магістраль туды значна бліжэй.

Падчас гутаркі Андрэй Ільмоўскі і Ірына Бруцкая пацікавіліся альтэрнатыўным варыянтам: абсталяваць дамы электраацяпленнем. Тым больш, што жыхары адной з вуліц Раванічаў такой магчымасцю ўжо скарысталіся.

Аляксандр Гадун паабяцаў грунтоўна вывучыць гэтае пытанне і даць адказ, бо для масавага падключэння электраацяплення патрэбны пэўныя тэхнічныя ўмовы.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *