У Чэрвеньскім раёне прадавец вясковага магазіна дала адпор рабаўніку

Актуальное Общество Происшествия

Той сакавіцкі дзень мог стаць для Святланы Шэлег звычайным рабочым днём за прылаўкам магазіна, якіх за шаснаццаць гадоў гандлёвага стажу ў яе было безліч. Але жыццё паднесла неспадзяванае выпрабаванне.

– Вёска Дыя – гэта не Мінск, дзе я раней працавала: амаль усіх пакупнікоў ведаю ў твар. А тут зайшоў мужчына, якога ніколі раней не бачыла, – узгадвае Святлана. – Я адразу звярнула ўвагу на яго шалёныя вочы і неадэкватныя паводзіны. Мужчына папрасіў віна, але без грошай, у пазыку. Я адмовіла. Тады ён пераскочыў праз вітрыну-халадзільнік з марожаным, ухапіў бутэльку і наважыўся сыходзіць. Я паспрабавала перашкодзіць яму, завязалася барацьба. Разлічвала на тое, што мы неяк разам выкацімся на вуліцу, бо ў магазіне – нікога, а там можна паклікаць людзей на дапамогу. Так і атрымалася. Ён выбег, паваліўшы мяне на ганку, я – за ім, учапілася і не адпускаю. Закрычала, калі на вуліцы, за магазінам, мужчына пачаў мяне душыць. На крык прыбег мясцовы юнак. Нападнік, пабачыўшы, што нас двое, спалохаўся, кінуў бутэльку і ўцёк…

Жанчына кажа, што ў тыя хвіліны абурэнне нахабствам няпрошанага госця было мацнейшым за страх.

– Можна лічыць, адпомсціла ўсім, хто, калі працавала ў Мінску, незаўважна краў тавар, а з майго заробку потым вылічвалі, – усміхаецца Святлана. – Цяперашні мой начальнік, перажываючы за мяне, сказаў: “Света, лепш бы ты яму аддала тую бутэльку – здароўе даражэй”. А я думаю, што, калі б гісторыя паўтарылася, зрабіла б тое ж самае. Сінякі і драпіны – дробязь, загояцца. А з нахабствам трэба змагацца. І бараніць сваё… 

Што да грабежніка, то ім аказаўся непрацуючы 53-гадовы жыхар суседняй вёскі. Мужчыну, “гастролі” якога зафіксавалі камеры відэаназірання ў магазіне, затрымалі. Па факту грабяжу ўзбудзілі крымінальную справу.

За актыўнае садзейнічанне міліцыі Святлану Шэлег адзначылі Падзякай начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама. Узнагароду ёй уручыў начальнік Чэрвеньскага РАУС Алег Коршак.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *