Гаспадаркі Чэрвеньшчыны пасеялі амаль палову яравых зерневых культур

Аграрный сектор Актуальное

Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу 15 красавіка, земляробы раёна пасеялі яравыя зерневыя культуры на 3 тысячах 373 гектарах, што складае 46 працэнтаў ад неабходнага. У лідарах – эксперыментальная база “Натальеўск”, дзе гэты від работ ужо выканалі на 61 працэнце палеткаў.

Механізатар на сяўбе Руслан Марчанка.

Аб’ём сяўбы яравых зерневых у гаспадарцы, нароўні з ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс”, самы вялікі ў раёне – 1500 гектараў. Таму пачаць пасяўную тут імкнуліся як мага раней. Але сёлетняе зменлівае красавіцкае надвор’е доўгі час не давала магчымасці разгарнуць яе на ўсю моц.

– Напачатку ноччу падмарожвала, даводзілася да абеду чакаць, пакуль глеба адтане, – кажа галоўны аграном эксперыментальнай базы “Натальеўск” Сяргей Бабіновіч. – Потым задажджыла. І толькі з гэтага панядзелка атрымалася наладзіць паўнавартасную кругласутачную сяўбу. На “МТЗ-3522” з пасяўным агрэгатам “Лемкен” пазменна працуюць Руслан Марчанка і Аляксей Клімовіч, на “Джон Дзіры” з пасяўным агрэгатам “Тэра Дрыл” – Віктар Піляк і Андрэй Кузьмін. За суткі яны засяваюць яравымі зерневымі да 160 гектараў. Каб забяспечыць бесперапынную працу, маем двухдзённы запас падрыхтаванай глебы, які забяспечваюць пяць культыватараў. Сеем праверанымі часам гатункамі. Гэта – ячмень “Магутны”, “Аванс”, “Атаман”, “Мажор”, пшаніца “Любава”, “Мадонна”, “Славянка”, авёс “Фрыстайл” і “Мірт”.

Механізатар на сяўбе Віктар Піляк.

Адначасова з сяўбой у гаспадарцы вядуць увесь комплекс веснавых палявых работ.

– Мы ўжо двойчы падкармілі азотнымі ўгнаеннямі рапс, таксама завяршылі падкормку азімых зерневых, цалкам унеслі арганіку пад яравую сяўбу, – кажа Сяргей Бабіновіч. – Тры трактары працуюць на ворыве глебы, два – на ўнясенні мінеральных угнаенняў, два – на зборы камення. А ўсяго штодня на палеткі выходзіць не менш за 20 адзінак тэхнікі.

 З гэтага года сельгасугоддзі гаспадаркі павялічыліся на 600 гектараў за кошт перадачы зямель ля вёскі Хутар, якія належалі ААТ “Раванічы”. Акрамя догляду за 97 гектарамі жыта і 200 гектарамі траў, што перайшлі ў спадчыну, там плануюць пасеяць каля 100 гектараў яравых зерневых і 160 гектараў кукурузы.

Як распавёў Сяргей Бабіновіч, плошчы пад вырошчванне кукурузы ў “Натальеўску” сёлета пашыраць з 1300 да 1600 гектараў. Гэта дасць магчымасць папоўніць паўтарагадовы запас сіласу для грамадскага статка з улікам патрэб далучанай да гаспадаркі малочнатаварнай фермы “Хутар”.  

 Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *