Чэрвеньскія сышчыкі раскрылі серыю крадзяжоў медзі з дамоў і дач

Актуальное Происшествия

Гэтая дэтэктыўная гісторыя пачалася ў лістападзе мінулага года. Менавіта тады ў раёне з’явіўся зламыснік, які, скарыстаўшы адсутнасць гаспадароў, пранікаў у жылыя і дачныя дамы на тэрыторыях Смілавіцкага і Валевачоўскага сельсаветаў з адной мэтай – здабыць медзь.

– Злодзей залазіў у будынкі, як правіла, праз акно, а потым блакіраваў знутры ўваходныя дзверы, каб гаспадары не заспелі знянацку, – распавядае падрабязнасці намеснік начальніка Чэрвеньскага РАУС – начальнік крымінальнай міліцыі Дзмітрый Сухавараў. – Пасля яго візітаў жытло ўяўляла сабой сумнае відовішча. Аматар лёгкай нажывы адключаў электрычнасць, здымаў разеткі, выключальнікі і жыўцом выдзіраў са сцяны медны дрот. Таксама ён “пад корань” зразаў кабелі сілкавання ўсіх бытавых прыбораў, якія былі ў хаце – халадзільнікаў, тэлефонаў, камп’ютараў, тэлевізараў, электрачайнікаў, фенаў, зварачных апаратаў… Ад палімернай абалонкі вызваляўся на месцы, абпальваючы дрот над газавай плітой. Здабытую медзь прадаваў на пунктах прыёмкі ў Мінску па 15-17 рублёў за кілаграм.

Шанц злавіць злодзея аператыўнікі атрымалі сёлета ў лютым, калі, пакідаючы адзін з абакрадзеных дамоў, ён сутыкнуўся твар у твар з гаспадаром.

– На жаль, малады чалавек разгубіўся і патэлефанаваў у міліцыю толькі праз паўгадзіны, – кажа Дзмітрый Сухавараў. – Час быў згублены… Нашы супрацоўнікі каля трох гадзін ганяліся за зламыснікам па лесу ля Смілавічаў. Спачатку ішлі па слядах на снезе, але ўрэшце ён выйшаў на праталіны, і след згубіўся.

Паколькі ні адзін з дамоў, якія абакраў гастралёр, не быў абсталяваны ахоўнай сігналізацыяй або сістэмай відэаназірання, устанавіць яго асобу працяглы час не ўдавалася. “Працаваў” ён амаль заўсёды ў пальчатках, а ў адваротным выпадку старанна выціраў адбіткі пальцаў на аконных рамах. І, усё ж, аднойчы “пракалоўся” – не дацёр адбітак. База аператыўнікаў выдала, што ён належыць 50-гадоваму мінчаніну, які раней дзесяць гадоў адсядзеў у турме за забойства.

Затрымалі злачынцу ў сярэдзіне сакавіка на чыгуначным вакзале ў Мінску. Устаноўлена, што на яго рахунку – больш за дваццаць падобных крадзяжоў у нашым раёне і яшчэ некалькі – у суседніх Смалявіцкім і Пухавіцкім.  

– Якім бы спрактыкаваным, хітрым і абачлівым ні быў злодзей, яго можна хутка знайсці і абясшкодзіць, калі кожны з нас будзе сам клапаціцца пра сваю маёмасць, – лічыць Дзмітрый Сухавараў. – Адзін з варыянтаў – здаць дом, кватэру або дачу пад ахову. Калі няма такой магчымасці, можна самастойна ўстанавіць сістэму назірання або фотапастку з вывадам на мабільны тэлефон. Ну і, канешне ж, калі вы сутыкнуліся са злодзеем, неадкладна тэлефануйце ў міліцыю.

Ігнат ЛІПЕНЬ  

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *