У лясніцтвах Чэрвеньскага лясгаса пачалі нарыхтоўваць бярозавы сок

Актуальное Общество

Сёлета лясная гаспадарка разлічвае рэалізаваць перапрацоўчым прадпрыемствам і насельніцтву 250 тон гэтага гаючага напою.

Майстар лесу Раваніцкага лясніцтва Таццяна Нарушэвіч

Разам з намеснікам дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жаннай Чарнавец мы наведаліся на адну з лесасек Раваніцкага лясніцтва ля вёскі Бышанка.

– Тут адвялі пад нарыхтоўку бярозавіку пяць гектараў, – гаворыць ляснічы Юрый Гоман. – Звычайна, каб не нашкодзіць дрэвам, для падсочкі выкарыстоўваюць спелы лес, які праз некалькі гадоў пойдзе пад высечку. Гэты ўчастак будзем высякаць ужо сёлета. Лесасеку падбіралі так, каб людзям, якія жадаюць набыць сок на месцы, зручна было пад’ехаць на сваёй машыне. Але найчасцей купляюць яго ў самім лясніцтве. Найбольшы попыт – у пятніцу і выхадныя, калі прыязджаюць мінчане. Збіраем бярозавік у 400 поліэтыленавых мяшкоў. Потым прыязджае трактар з бочкай і забірае яго. Першыя тры з паловай тоны соку мы ўжо адправілі на перапрацоўку, дзвесце літраў набылі людзі.

– Насельніцтва нам трэба забяспечыць бярозавікам у першую чаргу, – далучаецца да размовы Жанна Чарнавец. – Людзям ужо рэалізавалі 14 тон соку, смалявіцкаму прадпрыемству “Вланпак” – 19, Чэрвеньскаму вытворча-харчоваму заводу – 11 тон. Як і летась, плануем пастаўкі на Мінскі завод безалкагольных напіткаў.

 

Майстар лесу Раваніцкага лясніцтва Сяргей Калячонак

Паводле слоў Жанны Чарнавец, пры нарыхтоўцы соку строга выконваецца тэхналогія падсочкі: у бярозах дыяметрам не менш за 20 сантыметраў робяцца надрэзы глыбінёй 4 сантыметры і шырынёй да 12 сантыметраў. Напрыканцы сезону месцы падсочкі замазваюць садовым варам ці глінай з дабаўленнем драўнянага вугалю, каб дрэва не захварэла.

– Іншыя правілы існуюць для саманарыхтоўкі бярозавіку насельніцтвам, – удакладняе Жанна Чарнавец. – Спачатку неабходна звярнуцца па дазвол у лясніцтва. Пры падсочцы трэба свідраваць у дрэве адтуліну дыяметрам не больш за адзін  сантыметр і не больш за тры сантыметры ўглыб. Такіх адтулін можна рабіць максімум чатыры, у залежнасці ад дыяметра бярозы. Але ахвотных самастойна нарыхтоўваць сок няшмат, бо прасцей яго набыць. Тым больш, што літр бярозавіку ў нас каштуе ўсяго 23 капейкі з лесасекі і 32– з лясніцтва. А вось незаконная яго нарыхтоўка караецца штрафам у памеры да 20 базавых велічынь.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *