Вольга Пархачова: “Забеспячэнне магазінаў таварамі – пад кантролем”

Актуальное Общество

Складаная знешнепалітычная абстаноўка справакавала ў нашай краіне павышаны попыт на шэраг харчовых тавараў. Чэрвеньшчына – не выключэнне.


Як распавяла “Раённаму весніку” начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Вольга Пархачова, служба, якую яна ўзначальвае, праводзіць штодзённы маніторынг гандлёвых аб’ектаў і найперш – сеткавых магазінаў у Чэрвені.

– Павышаны попыт зараз назіраецца на соль, цукар, муку, сланечнікавы алей, – адзначыла спецыяліст. – І калі спачатку ён быў даволі высокім, то цяпер стаў умераным. Пра вынікі маніторынгу і праблемы, якія ўзнікаюць мы паведамляем у аблвыканкам для далейшага аператыўнага рэагавання. У цэлым сітуацыя на спажывецкім рынку раёна знаходзіцца пад кантролем. Варта адзначыць зладжаную працу кіраўнікоў гандлёвых аб’ектаў: яны робяць усё магчымае, каб паліцы з сацыяльна значнымі таварамі не былі пустымі.

У гэтым наш карэспандэнт пераканаўся, наведаўшы разам з Вольгай Пархачовай шэраг гарадскіх магазінаў.
У пятніцу мы найперш завіталі ў “Родны кут”, што месціцца побач з плошчай Свабоды. Рабочы дзень яшчэ не скончыўся, таму пакупнікоў тут было небагата.

– Усе тавары, на якія ёсць павышаны попыт, ёсць, – распавяла загадчыца магазіна Ірына Неўмяржыцкая. – За выключэннем грэчкі: яна была таннай, таму і разабралі. Пакупнікі розныя трапляюцца. Хтосьці купляе патроху, хтосьці шмат. Рэкорд, які запомніўся – чалавек адразу набыў 30 кілаграмаў мукі, 10 – солі і 20 – цукру…

У “Еўраопце”, які знаходзіцца ў метрах ста ад “Роднага кута”, на час нашага наведвання ў пятніцу не было цукру (яго разабралі, але на наступны дзень прывезлі яшчэ), буйной солі і мукі беларускіх вытворцаў. Затое была грэчка.
Яшчэ тры сеткавыя крамы мы наведалі пасля абеду ў панядзелак. Магазіны “Суседзі” і “Капеечка” сустрэлі дастатковай колькасцю і асартыментам тавараў, што карыстаюцца павышаным попытам, акрамя буйной солі.

– Зусім пустых паліц у нас не было нават у пік попыту, – адзначыла яго загадчыца “Суседзяў” Крысціна Кухарчык. – Заўсёды мінімальная рэшта тавараў, якія актыўна раскуплялі, заставалася. Упакоўкамі бралі хіба толькі цукар. Каб патрэбны пакупнікам тавар не заканчваўся, своечасова падаем заяўкі ў размеркавальны цэнтр нашай гандлёвай сеткі. Калі ўзнікаюць праблемы, працуем са староннімі пастаўшчыкамі.
Найбольш ажыўлена было ў “Трыа”, што ў мікрараёне вуліцы Барыкіна. Але пакупнікоў, якія цягнулі б упакоўкамі муку або цукар, мы і тут не заўважылі.

– У нас – вялікі магазін, таму і патрымліваць неабходны асартымент тавараў складаней, – заўважыла загадчыца “Трыа” Інэса Канапака. – Але мы стараемся гэта рабіць. Працуем як напрамую з пастаўшчыкамі, так і з гандлёвай базай нашай сеткі, якая знаходзіцца ў Мар’інай Горцы. Цукар, мука, макароны – усё ёсць. З соллю – праблемы, але ад нас гэта не залежыць. А ўвогуле я не лічу цяперашні павышаны попыт на некаторыя тавары вялікай праблемай. Мо, таму, што памятаю сваю працу ў спажывецкай кааперацыі ў “ліхія дзевяностыя”, калі з паліц магазінаў змяталі літаральна ўсё.

– Але ж, мабыць, павышаны попыт – вам у плюс: расце тавараабарот, – спытаўся я.

– Не. Такой цаной павышаць тавараабарот не хочацца. Бо відно, што нашы пакупнікі ўсхваляваныя і заклапочаныя. А хочацца спакою, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *