У філіяле «Новыя Зелянкі» ААТ «Мінскі малочны завод №1» завяршаюць падрыхтоўку да веснавых палявых работ

Аграрный сектор Актуальное

Каляндарная зіма выруліла на фінішную прамую. Але прагназаваць, калі прыйдзе сапраўдная вясна – справа няўдзячная. Здаралася, што першыя сеялкі ў гаспадарках Чэрвеньшчыны выязджалі на раллю ўжо ў сярэдзіне сакавіка. Таму земляробам лепш быць напагатове. Да гэтага і імкнуцца ў сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Новыя Зелянкі” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі малочны завод №1”.

Механізатар Сяргей Дубінкін завяршае рамонт культыватара “Top Down”.

Перад выездам у гаспадарку я зазірнуў у аператыўную зводку райсельгасхарчу і высветліў, што новазелянкоўцы на сёння маюць лепшую ў раёне забяспечанасць мінеральнымі тукамі пад яравую сяўбу. Ведаючы, што звычайна гэта – адна з самых праблемных пазіцый пры падрыхтоўцы сельгаспрадпрыемстваў да веснавых палявых работ, найперш пацікавіўся ў галоўнага агранома філіяла Наталлі Сахончык, як удалося назапасіць угнаенні.

–  Інвестары дапамаглі, – распавяла яна. – Дзякуючы крэдытным сродкам малочнага завода, мы набылі 450 тон дзеючага рэчыва азоту (138 працэнтаў ад патрэбы) і 111 тон – фосфару (111 працэнтаў). Калію пакуль маем крыху больш за палову ад неабходнага, але ёсць падставы меркаваць, што і ім будзем цалкам забяспечаныя. Патрэбу ў мінеральных угнаеннях разлічвалі пад ураджайнасць збожжа не менш за 40 цэнтнераў з гектара. 

Механізатар Аляксандр Знак рамантуе сеялку “Бярэсце”.

Як адзначыла Наталля Сахончык, сёлета ў гаспадарцы будуць сеяць 500 гектараў яравых зерневых культур, з іх 333 – ячменю, 117 – пшаніцы і 50 гектараў аўса. Паколькі авёс летась тут не вырошчвалі, яго насенне давядзецца набываць. Пад сяўбу засыпалі 100 тон ячменю і 30 – пшаніцы. Усё насенне паспяхова прайшло праверку на кандыцыйнасць па чысціні і ўсходжасці. 

Зябліва пад яравую сяўбу ў гаспадарцы ўзаралі цалкам. Выключэнне –  палеткі пад кукурузу, на якія зараз штодня вывозяць па 200-300 тон арганічных угнаенняў.

Зразумела, паспяховае правядзенне веснавых палявых работ будзе залежыць і ад гатоўнасці да іх тэхнікі.

– Рамонт вядзём па плану, без аўралу, – гаворыць інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку сельгаспрадпрыемства Іван Долбіч. – Прынамсі, тэмпы работ не горшыя, чым летась. . На набыццё запчастак для ўзнаўлення глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі выдаткавалі каля 12 тысяч рублёў. Маем стопрацэнтную гатоўнасць абаротных плугоў, завяршаем рамонт культыватараў “КП-6” і “Top Down”. Адрамантавалі ўжо дзве з трох сеялак. Усе чатыры энерганасычаныя трактары таксама на хаду. Ёсць упэўненасць, што вясна не заспее нас знянацку.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *