Спаборніцтвы арганізаваў у спартыўнай зале Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя раённы фізкультурна-спартыўны клуб.
На першым этапе ўдзел у іх бралі шэсць каманд: упраўленне па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, “Мінск”, “Смілавічы”, “Пенны прыпынак”, “Новыя Зелянкі” і Смілавіцкі аграрны каледж. Пераможцамі групы “А” сталі валейбалісты ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, другое месца заняла каманда “Мінск”. З групы “Б” у фінальны этап турніру з першага і другога месца, адпаведна, выйшлі валейбалісты аграрнага каледжа і “Пенны прыпынак”.
У паўфіналах каманда ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ўзяла верх над “Пенным прыпынкам” – 2:0, а спартсмены аграрнага каледжа з такім самым лікам выйгралі ў “Мінска”.
Матч за трэцяе месца прайшоў у вострай барацьбе. Каб вызначыць у ім мацнейшага, спатрэбілася правесці тры партыі. “Бронзу” заваявалі валейбалісты “Пеннага прыпынку”, якія адолелі “Мінск” – 2:1.
А перамагла ў турніры, як і ў мінулым годзе, каманда ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў складзе Аляксандра Няпеўнага, Сяргея Зубава, Дзмітрыя Палянскага, Цімафея Ліхарада, Максіма Бразгоўкі, Георгія Багаева і Арсенія Гаптара. Яна выйграла ў валейбалістаў аграрнага каледжа – 2:0. Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны Дыпломамі і медалямі, за першае месца – яшчэ і Кубкам. Прыз лепшага іграка турніру атрымаў Сяргей Зубаў, прыз глядацкіх сімпатый – Дзмітрый Палянскі (абодва – з каманды ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама). Лепшымі ігракамі ў камандах-прызёрах прызналі Дзмітрыя Агеева (аграрны каледж), Цімафея Ліхарада (упраўленне па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама) і Максіма Голубева (“Пенны прыпынак”).
Узнагароджанне правёў воін-інтэрнацыяналіст са Смілавічаў Юрый Смаленскі.
Ігар АДАМОВІЧ