Хутарскія клопаты: эксперыментальная база «Натальеўск» Чэрвеньскага раёна «прырасла» яшчэ адной фермай

Аграрный сектор Актуальное

Напрыканцы мінулага года малочнатаварную ферму “Хутар”, якая да гэтага належала ААТ “Раванічы”, далучылі да эксперыментальнай базы “Натальеўск”. Такім чынам, флагман малочнай жывёлагадоўлі раёна стаў самай буйной гаспадаркай на Чэрвеньшчыне па пагалоўю дойнага статка. Зараз тут на чатырох фермах утрымліваецца дзве тысячы кароў.

Галоўны заатэхнік гаспадаркі Эва Вашкінель.

Падобны вопыт у “Натальеўска” ўжо быў. Пры далучэнні да яго ў кастрычніку 2015 года сельгаспрадпрыемства “Дамавіцк-Агра” ў спадчыну дасталася ферма “Дамавіцк”, дзе сярэднясутачныя надоі малака ад адной каровы не перавышалі 6 кілаграмаў. Праз год прадукцыйнасць дойнага статка там павялічылася амаль удвая, а зараз яна складае ўжо больш за 18 кілаграмаў.

Той, хто ўважліва сочыць за публікацыямі ў “Раённым весніку”, відаць, прыгадае, за кошт чаго быў дасягнуты вынік. Гэта – праца па ўзнаўленню статка, стварэнне трывалай кармавой базы, паляпшэнне вытворчай дысцыпліны, а таксама маштабная рэканструкцыя з будаўніцтвам даільна-малочнага блока і новага памяшкання для жывёлы. Штосьці падобнае адбываецца зараз і на МТФ “Хутар”. 

– Пачалі мы з таго, што праверылі кароў на цельнасць, – распавядае галоўны заатэхнік эксперыментальнай базы “Натальеўск” Эва Вашкінель. – Па выніках абследавання падзялілі статак на 5 груп, у залежнасці ад фізіялагічнага стану: сухастой і першы перыяд, другі перыяд, навацельныя, цельныя, а таксама цялушкі ўзростам ад 6 да 12 месяцаў. У кожнай групы – свой рацыён кармлення.

Бадай, галоўная складанасць, з якой сутыкнуліся – на ферме фактычна не было травяністых кармоў. І зараз даводзіцца штодня прывозіць сюды па 14 тон сенажу і сіласу. Балазе, кармы ў “Натальеўску” заўсёды нарыхтоўваюць з запасам, таму да новага ўраджаю іх хопіць.

– За апошні месяц на нашай ферме істотна змяніліся падыходы да кармлення жывёлы, – далучаецца да размовы начальнік вытворчага ўчастка “Хутар” Іван Кавалёнак. – Сутнасць іх у тым, каб ніводзін грам кармоў не прапаў. І гэта не гучныя словы. Так ёсць на самой справе. Механізатары на кормараздатчыках працуюць пад пільным кантролем галоўнага заатэхніка. Для іх распрацаваныя адмысловыя тэхналагічныя карты. У залежнасці ад паядання кармоў, у сумесі рэгулююцца суадносіны асобных кампанентаў (шрот, сянаж, сілас) шляхам іх прапарцыянальнага павелічэння ці змяншэння на пяць працэнтаў…

Таксама новыя гаспадары фермы “Хутар” паспелі ўжо мадэрнізаваць тут сістэму водапаення: устанавілі новыя паілкі і станцыю падагрэву вады, каб не было праблем у моцныя маразы. А яшчэ – набылі пастэрызатар для малака, якім выпойваюць цялят.

Самую пільную ўвагу надаюць маладняку. Некалькі апошніх гадоў, калі МТФ “Хутар” належала “Раванічам”, народжаных цялят адразу забіралі на іншыя фермы гаспадаркі. Зараз усё інакш: “Натальеўск” набыў чатыры групавыя домікі, дзе змяшчаюцца па пятнаццаць гадаванцаў, і 32 – індывідуальныя (20 устанавілі на вуліцы, 12 – у памяшканні). 

– Цяляты ад нараджэння павінны ўтрымлівацца ў добрых умовах, – заўважае Эва Вашкінель. – Менавіта з дбайнага догляду за імі пачынаецца праца на будучае малако.

За паўтара месяцы, што прайшлі з часу перадачы фермы “Хутар” эксперыментальнай базе “Натальеўск”, істотныя змены адбыліся і ў даенні кароў.

Аператар машыннага даення кароў фермы “Хутар” Алена Супрэдка.

– Раней мы прымянялі ручны метад, для дадойвання націскалі на апараты, – распавядае аператар машыннага даення МТФ “Хутар” Алена Супрэдка. – Але спецыялісты заатэхнічнай службы “Натальеўска” растлумачылі, што гэта малаэфектыўна і нават шкодна для здароўя каровы. Давялося перавучвацца. Таксама зараз больш увагі надаём абмакванню вымя да даення і пасля яго, здойванню першых струменяў малака для дыягностыкі.

Увогуле працаваць стала весялей, бо да даярак з боку кіраўніцтва стала больш увагі, бачная перспектыва росту надояў. Ды і матэрыяльны стымул ёсць. Напрыклад, я за паўмесяца зарабіла грошай амаль столькі ж, колькі раней зарабляла за месяц. 

Цялятніца фермы “Хутар” Святлана Говар.

Удасканальванне тэхналогіі кармлення, даення і ўтрымання дойнага статка на МТФ “Хутар” ужо за палову снежня і студзень дало адчувальны вынік. Калі год таму, у бытнасць “Раванічаў”, тут атрымлівалі ў сярэднім ад каровы па 8,1 кілаграма малака, то зараз – 11,1. І гэта пры тым, што пагалоўе не мянялі, хіба што выбракавалі нізкапрадуктыўную жывёлу.

– Шмат чаго яшчэ трэба зрабіць, – кажа дырэктар эксперыментальнай базы “Натальеўск” Алена Махнач. – Комплекс жывёлагадоўчых памяшканняў на ферме неблагі, але ўнутры многае давядзецца пераабсталёўваць. Што да перспектывы далейшага павелічэння надояў, то яна, безумоўна, ёсць. Але патрэбен час. Плён працы па ўзнаўленню дойнага статка, якую мы з першых дзён наладзілі, па-сапраўднаму стане бачным прыкладна праз два гады. Упэўнена, што ўсё ў нас атрымаецца.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *