Вясне насустрач: у ААТ «Аграбуд» Чэрвеньскага раёна амаль цалкам падрыхтавалі тэхніку да выхаду ў поле

Аграрный сектор Актуальное

Машынны двор сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Аграбуд” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскжалезабетон” сустракае заўсёдным узорным парадкам. На асобнай пляцоўцы роўным шэрагам размясціліся прычапныя глебаапрацоўчыя агрэгаты. 

Галоўны механік гаспадаркі Юрый Асташонак.

– Восенню, ставячы тэхніку на зімовае захоўванне, мы яе пачысцілі, прадэфектавалі і адразу ж адрамантавалі, – распавядае галоўны механік гаспадаркі, загадчык майстэрняў Юрый Асташонак. – Фактычна атрымалася лінейка гатоўнасці. У плугах, культыватары, АКШ, дыскавай баране, якія вы тут бачыце, памянялі ўсе рабочыя органы на новыя. Так што іх хоць сёння чапляй да трактароў – і ў поле. Засталося давесці да ладу сеялку. Зробім гэта, калі пацяплее…

Слесар Сяргей Крук і механізатар Уладзіслаў Паўловіч.

Як зазначыў Юрый Асташонак, прычапную тэхніку рамантавалі за ўласныя сродкі гаспадаркі. На запчасткі выдаткавалі каля 20 тысяч рублёў. Грошай на падрыхтоўку да веснавых палявых работ кіраўніцтва сельгасфіліяла не шкадуе, усведамляючы, што яны шматкроць вернуцца з будучым ураджаем. 

Зваршчык Аляксандр Бутыла.

Не забываюцца ў СВФ “Аграбуд” і пра трактары. У другой палове лютага іх чакае дзяржаўны тэхнічны агляд. Гаспадарка традыцыйна праходзіць яго сярод першых на Чэрвеньшчыне, паказваючы пры гэтым высокі ўзровень падрыхтаванасці. Юрый Асташонак перакананы, што так будзе і сёлета. 

– У нас парадак такі: перш, чым ісці ў адпачынак, механізатар павінен падрыхтаваць свой трактар да тэхагляду, – кажа ён. – Гэта – пэўны стымул, ды і зручней так нашмат: прыйшоў з адпачынку, сеў на адрамантаваны трактар – і паехаў. Зараз у адпачынку шэсць механізатараў. Адпаведна, замацаваная за імі тэхніка ўжо спраўная…

Механізатар Андрэй Пятруша.

У будынку майстэрні – два трактары. Вядомы ў раёне механізатар Андрэй Пятруша займаецца дробным рамонтам свайго “Кейса”. А вось у маладога трактарыста Уладзіслава Паўловіча задача больш складаная і адказная: разам з вопытным слесарам Сяргеем Крукам ён робіць капітальны рамонт рухавіка “МТЗ-1221”. Побач завіхаецца зваршчык Аляксандр Бутыла – вырабляе кузаў да прычэпа “ПС-6”, які будзе выкарыстоўвацца для вывазу вадкіх арганічных угнаенняў.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *